Ягор Канецкі.

16 ліпеня суд Савецкага раёна Мінска вынясе прысуд па «справе студэнтаў». Сярод абвінавачваемых – віляйчук Ягор Канецкі.

Канецкі вучыцца на біялагічных факультэце БДУ. Ён сябра «Задзіночання беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор скончыў хіміка-біялагічны профіль Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэю. Хлопца затрымалі 12 лістапада, і за таго часу яго ўтрымліваюць пад вартай. Яму 22 гады. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Ягора Канецкага палітычным зняволеным.

Працэс па «справе студэнтаў» пачаўся 14 мая.

Ягора Канецкага, як і іншых падсудных па справе, абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Канецкі стаў адзіным, хто адмовіўся даваць паказанні падчас судовага следства. Суд зачытаў тыя, якія віляйчук даваў падчас допытаў. У іх Ягор паведамляў, то негатыўных наступстваў акцыі студэнтаў не мелі. Таксама хлопец адмовіўся выступаць з апошнім словам – адзіны з абвінавачваемых.

Паводле абвінавачвання, віна Канецкага палягае ў тым, што ён размяшчаў допісы ў тэлеграм-каналах пра студэнцкі страйк.

Абвінаваўцы запрасілі для Ягора Канецкага два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Абарона лічыць, што віна Канецкага не была даказаная ні падчас папярэдняга следства, ні падчас судовага.

Прысуд будзе вядомы ўжо ў гэтую пятніцу, 16 ліпеня.