Рыгор Сямёнавіч Сарока. Фота Святланы Курэйчык.

Апошні рабочы дзень на пасадзе дырэктара Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага ў Рыгора Сямёнавіча быў учора, 12 ліпеня.

Рыгор Сарока ўзначальваў каледж 41 год. Ён застаецца працаваць педагогам і дырыжорам аркестра. І, як прызнаецца, упершыню за доўгі час пойдзе ў сапраўдны адпачынак.

– Гэта было маё рашэнне, – расказвае Сарока. – Настрой у мяне цудоўны, буду працягваць займацца любімай справай. А пасада для мяне ніколі не была галоўным. Галоўнае – гэта прафесія.

Рыгор Сямёнавіч адзначыў, што ніколі не лічыў сябе незаменным, а наадварот рыхтаваў кадры з тым, каб былі людзі, якія маглі б працягваць яго працу.

– Мая задача – захаваць у музкаледжы беларускі дух. Таму і замену рыхтаваў з тым, каб гэта быў наш выпускнік, здольны падтрымліваць набыткі каледжа.

Сарока адзначыў, што пакідае каледж з магутным калектывам, выдатнай базай інструментаў, адрамантаванымі памяшканнямі. Важна захаваць усё добрае, што было зроблена за гады працы ўстановы.

Руслан Іосіфавіч Апановіч.

Цяпер абавязкі дырэктара каледжа выконвае Руслан Іосіфавіч Апановіч.

– Гэта адзін з лепшых нашых выпускнікоў, піяніст, валодае беларускай і англійскай мовамі. Скончыў не толькі кансерваторыю, але і аспірантуру. Паспяхова працаваў на пасадзе намесніка дырэктара. Гэта мая кандыдатура, спадзяюся, менавіта Руслана Апановіча і прызначаць кіраваць каледжам.

Рыгор Сарока святкуе 75-годдзе: «Рухавік, з якога можна браць прыклад»

Рыгор Сарока: «Я пайшоў самым складаным шляхам»