Яўген дастаўляе кантэйнер у паліклініку. Фота аўтара.

Цяпер лекі, у якіх сышоў тэрмін прыдатнасці, можна будзе прынесці ў адмысловы кантэйнер. Яго ўстанавілі сёння ў фае паліклінікі №1 у Маладзечне. Калі кантэйнер напоўніцца, лекі забяруць і правільна ўтылізуюць.

Гэта вынік ініцыятывы Цэнтра экалагічнага і сацыяльнага развіцця ў Баранавічах. У Маладзечна кантэйнер прывезлі заснавальнікі Цэнтра Вікторыя і Яўген Калач.

Кантэйнер у Маладзечне пакуль адзін. Фота аўтара.

– На сёння ў кантэйнеры, што стаяць у розных гарадах Беларусі, сабралі амаль трыста кілаграмаў пратэрмінаваных лекаў. Іх правільна ўтылізавалі – спалілі на прадпрыемстве «Экарэс». Больш за сто кілаграмаў пры нас прайшлі даследаванне ў дзяржаўным медуніверсітэце. 3 і 4 чэрвеня мы былі на Рэспубліканскім экалагічным форуме ў Мінску і прадстаўлялі свой праект «Прырода без фармацэўтычных адходаў» прадстаўнікам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Па словах Вікторыі, у кожным горадзе, дзе стаіць кантэйнер, ёсць рэгіянальны прадстаўнік. Штомесяц ён правярае, наколькі кантэйнер запоўнены, глядзіць, ці не пашкоджаны ён. Калі патрэбна забраць лекі з кантэйнера, прадстаўнік паведамляе ў Цэнтр. І за лекамі прыязджае машына.

У нашым рэгіёне актывісты Цэнтра экалагічнага і сацыяльнага развіцця, акрамя Маладзечна, паставілі кантэйнеры ў Вілейцы і Смаргоні. Пра гэта мы пісалі раней:

У Вілейцы паставілі кантэйнер, куды можна выкідаць лекі

У Вілейцы і Смаргоні паставілі новыя кантэйнеры для пратэрмінаваных лекаў. На чарзе – Маладзечна