У 1896 годзе ў «Віленскім весніку» ў нумарах 30 і 32 за аўтарствам Івана Шалепіна выйшаў расказ пра мінулае і сучаснае горада. «Рэгіянальная газета» пераказвае, што пісалі пра Вілейку больш за стагоддзе таму, як выглядаў і чым жыў горад.

3 мая 1895 года споўнілася роўна сто год, як Вілейка стала павятовым горадам. Першапачаткова Вілейскі павет у адміністрацыйных адносінах уваходзіў у склад Мінскай губерні. Пры ўладкаванні гэтай губерні 3 мая 1795 года казённае мястэчка Вілейка прызначылі павятовым горадам Мінскай губерні. У 1842 годзе для ўраўнавання паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі стварылі новую губерню – Ковенскую. Ад таго часу Вілейскі павет увайшоў у склад новай адміністрацыйнай адзінкі.

«Віленскі веснік» паведамляе, што ў 1896 годзе яшчэ было невядома, калі заснавалі Вілейку. Першыя гістарычныя факты вядомыя за 18 стагоддзе: Вілейка тады была мястэчкам і часткай Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Вілейку далучылі да Расійскай імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. Праз два гады, у 1795 годзе, указам імператрыцы Кацярыны Другой Вілейка стала павятовым горадам Мінскай губерні.

«Расказваюць, што селішча Вілейка, невялічкая вёска на правым беразе ракі Віліі, першапачаткова называлася Куранец – ад слова курыць, бо ў гэтай пясчанай і пагорыстай мясцовасці пры ветры падымаюцца слупы пяску».

У выданні адзначаецца, што прылеглая тэрыторыя належала польскаму пану Пацу. Драўляны дом Паца, які быў у маёмасці памешчыкаў Багдановічаў, рэстаўравалі на пачатку 19 стагоддзя. Ён знаходзіўся на правым беразе Віліі.

Як выглядала Вілейка ў 1896 годзе

«Вельмі прыгожая, з правільнымі і шырокімі вуліцамі, якія перасякаюцца пад прамым вуглом. Горад знаходзіцца на пясчаным пагорку правага берага Віліі. Пасярод горада вялікі сад, мноства садоў ля прыватных дамоў».

Па вуліцах Вілейкі ходзяць статкі свіней, бо «яны лепшыя санітары».

У 1888 годзе быў заснаваны гарадскі клуб, які знаходзіўся ў памяшканні гарадскога
сада. У 1893 годзе ў горадзе з’явілася газавае асвятленне.

Ваколіцы Вілейкі – бясконцыя роўныя палі з пяскамі, доўгі час у тых мясцінах высякалі лес.

Цэрквы

Напрыканцы 18 стагоддзя ў Вілейцы дзейнічала ўніяцкая царква. Знаходзілася на плошчы Куранецкай слабады. У 1812 годзе яна згарэла, на яе месцы адбудавалі драўляную царкву імя святога Велікамучаніка Георгія. Першымі святарамі ў гэтай царкве былі ўніяты.

У 1839 годзе ў Вілейцы пабудавалі першую праваслаўную драўляную царкву ў імя свяціцеля Мікалая. Загад аб будаўніцтве царквы быў аддадзены яшчэ ў 1829 годзе, але падчас паўстання 1831 года матэрыял для будоўлі скралі. На тым месцы, дзе планавалі пабудаваць царкву, паўстанцы паставілі шыбеніцы.

У 1864 годзе ў Вілейцы пабудавалі каменную праваслаўную царкву святой Марыі Егіпецкай. У той жа час у горадзе будаваўся каталіцкі касцёл. Яго пачалі будаваць у 1861 годзе і ўжо праз два гады ён быў гатовы адчыніць свае дзверы, аднак:

«…тут адбылося нечаканае: у тым жа 1863 годзе прыйшло распараджэнне аб спыненні прац у касцёле і яго закрыцці. Куранецкі ксёндз, які фарбаваў уласнымі рукамі вежы касцёла, быў арыштаваны і сасланы ў Сібір. Аказалася, што большая частка ахвяраванняў, якія збіраў касцёл, ішла на фарміраванне польскіх мяцежных шаек».

Касцёл адчынілі толькі ў 1872 годзе.

Вілейчукі і штодзённае жыццё

У 1896 годзе ў Вілейцы было прыкладна каля пяці тысяч жыхароў: каля трох тысяч хрысціян і дзве тысячы яўрэяў. Вілейчукі пераважна займаліся земляробствам, але зямля давала людзям няшмат хлеба, і то на паўгода.

«Многія сем’і не толькі круглы год ядуць мяса, сала, малако, але і ад лютага да сакавіка не ядуць нават хлеба, кормяцца адной толькі бульбай».

У той час у Вілейцы людзі займаліся рамёствамі, аднак не вельмі паспяхова, аб чым і піша «Віленскі веснік». Прычынай таму быў малы попыт праз складанасці з матэрыяльным становішчам жыхароў.

Большасць хрысціянскага насельніцтва Вілейкі складалі беларусы, размаўлялі па-беларуску. Большая частка старых была неадукаваная, хаця ў горадзе былі вучэбныя ўстановы. У 1855 годзе заснавалі прыходскае вучылішча з жаночымі зменамі, а ў 1865 годзе з’явілася павятовае вучылішча. Напрыканцы 19 стагоддзя абодва вучылішчы былі перапоўненыя навучэнцамі, таму ў прыходскім многім дзецям адмаўлялі ў прыёме з-за недахопу месцаў.

Старое пакаленне вілейскага мяшчанства верыла ў чарадзейства і знахарак. Паводле «Віленскага весніка», вілейчукі не верылі ў заразнасць хвароб, у медыцынскую дапамогу падчас захворванняў, а бедствы, напрыклад, пажары, лічылі сваім лёсам. Амаль кожную восень было шмат хворых на шкарлятыну – паміралі дзеці ад 2 да 14 год. Дзеці хварэлі на дыфтэрыю, воспу. Наконт перасцярогі аб заразлівасці захворванняў вілейчукі казалі: «Калі не наканавана, то не памрэ».

Адзначаецца, што ў Вілейцы вельмі распаўсюджанае п’янства: п’юць і мужчыны, і жанчыны. Аднак людзі збіраюцца выпіваць не ў доме, а пераважна ў корчмах. Вяселлі, пахаванні, хрэсьбіны, памінкі заканчваліся ў карчме.

Яўрэі

Яўрэі галоўным чынам жылі дробным гандлем. Адзначаецца, што яўрэйскае насельніцтва Вілейкі падзялілася на два лагеры: адны былі артадаксальныя яўрэі, якія жылі ў старых традыцыях, а другія – прагрэсіўныя. Яны амаль не размаўлялі паміж сабой. Але была і трэцяя група – яны лавіравалі паміж аднымі і другімі.

Іх дзеці масава не вучыліся ва ўстановах, «не ведалі нават рускай граматы». Колькасць яўрэйскіх дзяцей у вілейскіх вучылішчах не складала і 10 працэнтаў. Па-першае, таму што ва ўстановах не было месцаў. Па-другое, яўрэіхасіды (артадаксальныя яўрэі) неахвотна аддавалі дзяцей.

Яўрэйскія дзеці часта былі занятыя сабой. Хлопцы гулялі групамі. «Віленскі веснік» прыводзіць адзін выпадак. Вясной 1896 года яўрэйскія хлопцы хадзілі па агародах і знайшлі кусок сыру. Яны з’елі яго, і двое з іх памерла ад атручэння. Высветлілася, што гэта быў не сыр, а кусок мыш’яку, які паклалі для пацукоў.