Фота Настассі УТКІНАЙ.

Напярэдадні 2021/2022 навучальнага года ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі праводзяцца мерапрыемствы па аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы — праз прадастаўленне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, з дапамогай дабрачынных акцый, а таксама па месцы працы бацькоў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Аднаразовая матэрыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, незалежна ад даходу сям’і.

Максімальны памер выплат на кожнае дзіця-школьніка дасягае 30% БПМ, які дзейнічае ў ліпені гэтага года (81,9 руб.). Суму дапамогі вызначаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў у залежнасці ад фінансавых магчымасцяў рэгіёну.

Па атрыманне гэтай выплаты трэба звяртацца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (знаходжання) аднаго з бацькоў дзіцяці. А ў Мінску — па месцы вучобы дзіцяці.

«Сёлета плануецца аказаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу амаль 100 тыс. сем’яў на 205,7 тыс.дзяцей. Агульная сума выплат складзе больш за Br14 млн», – прывялі лічбы ў Мінпрацы і сацабароны.

Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога (ДАСД) прызначаецца малазабяспечаным сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей (у тым ліку шматдзетным). Яна можа быць прадастаўленая ў выглядзе аднаразовай дапамогі на набыццё адзення, абутку, канцылярскіх прыладаў, штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Памер выплат вызначаецца раённымі камісіямі ў кожным выпадку індывідуальна зыходзячы з даходу сям’і і канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.

Звяртацца па ДАСД варта ў службу «Адно акно» або орган працы, занятасці і сацыяльнай абароны ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання) аднаго з бацькоў.

Таксама можа быць аказана дапамога па месцы працы бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей школьнага ўзросту. Такая падтрымка, як правіла, абумоўлена калектыўнымі дагаворамі, іншымі лакальнымі актамі. Акрамя таго, яе прадастаўляюць за кошт сродкаў прафсаюзных арганізацый.

Дадатковая дапамога аказваецца ў рамках дабрачынных акцый.

У ліпені-жніўні па ўсёй краіне праходзяць дабрачынныя акцыі, кірмашы «Школьны ранец», «Збяры дзіця ў школу», «У школу з усмешкай», «Партфель першакласніка» і іншыя, арганізаваныя тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дабрачыннымі фондамі і грамадскімі аб’яднаннямі.

У 2020 годзе аднаразовую матэрыяльную дапамогу атрымалі 101,5 тыс. шматдзетных сем’яў, дзе выхоўваюцца 199,8 тыс. дзяцей, на суму 11,2 млн. руб. ДАСД прадастаўлена 4,9 тыс. малазабяспечаных сем’яў (у тым ліку шматдзетных) на 11,7 тыс. дзяцей на суму 2,4 млн. руб., а ўсяго рознага віду дапамога на падрыхтоўку дзяцей да новага навучальнага года аказана на суму 20,3 млн. руб.