Фота Настассі УТКІНАЙ.

На Міншчыне працуюць 55 школьных кірмашоў і 584 кутка першакласніка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінаблвыканкама.

– Школьныя кірмашы пачалі адчыняцца ў Мінскай вобласці ад 15 ліпеня. Зараз яны працуюць ва ўсіх гарадах Міншчыны, у сельскай мясцовасці гандлююць выязныя брыгады дзяржаўных крамаў. Функцыянуе 55 школьных кірмашоў і 584 куткі першакласніка, неабходныя тавары таксама можна набыць у больш чым  у тысячы магазінаў, – распавялі ва ўпраўленні.

Традыцыйна ў гандлёвых кропках Мінскай вобласці прадстаўлены шырокі асартымент абутку, адзення, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, заплечнікаў і ранцаў, папярова-крэйдавых і канцылярскіх тавараў. Рэгулярна дзейнічаюць зніжкі і акцыі.

Арыенціровачны кошт набору неабходных для вучобы прадметаў:

  • для вучняў 1-4-х класаў складае ад 62 да 314 рублёў;
  • для 5-9-х класаў – ад 63 да 356 рублёў,
  • для 10-11-х класаў – ад 79 да 384 рублі.