Фота Аксаны Ярашонак.

Кароткачасовыя дажджы і навальніцы чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

– У Беларусь прыйшоў чарговы перыяд гарачага надвор’я, які чакаецца менш інтэнсіўным і працяглым, чым першы і другі. Першая хваля, якая назіралася з 18 да 26 чэрвеня, аказалася самай моцнай у гэтым годзе – у шэрагу дзён максімумы тэмпературы на большай частцы тэрыторыі краіны дасягалі адзнак плюс 35 градусаў і вышэй, а максімальная тэмпература паветра ў гэты перыяд склала плюс 37,1, што і стала новым рэкордам для чэрвеня. Другі перыяд спёкі назіраўся ў ліпені і апынуўся больш працяглым (11 дзён), але менш інтэнсіўным. Максімальная тэмпература ў гэты перыяд была плюс 35,5 градуса, – распавялі сіноптыкі .

У аўторак, 27 ліпеня, праз Беларусь будзе перамяшчацца атмасферны фронт, які абумовіць ноччу па захадзе, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Месцамі чакаюцца моцныя ліўні. Днём у асобных раёнах магчымы град. Вецер будзе паўднёва-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты,  удзень у асобных раёнах шквалістае ўзмацненне 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 15-21 градус, днём – 27-33 градусы.

У сераду, 28 ліпеня, франтальны падзел прадоўжыць ссоўвацца па тэрыторыі краіны. На большай частцы Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах моцныя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер будзе паўднёва-ўсходні з пераходам на заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 15-20 градусаў цяпла. Днём паветра прагрэецца да 23-29, у асобных раёнах плюс 30-31.

Як адзначылі ў Белгідрамеце, у далейшым ўмовы надвор’я будзе вызначаць цёплая няўстойлівая паветраная маса.

У чацвер, 29 ліпеня, месцамі па рэспубліцы пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Вецер будзе заходні, паўднёва-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 13-20 градусаў. Днём слупок тэрмометра падымецца да 24-30 градусаў, па паўднёвым усходзе да 32 градусаў.

У пятніцу, 30 ліпеня, месцамі па краіне таксама прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе 14-19 цяпла, днём – 25-32, па паўночным захадзе – 22-24 градусы.

У выхадныя дні тэмпературны фон вернецца да сваёй кліматычнай нормы, разам з тым без лакальных навальнічных дажджоў не абойдецца.