Прышчапляцца ці не, думала доўга. Але статыстыка па захварэлых і памерлых, навіны пра новыя штамы і наступствы перамаглі. І ў пачатку ліпеня я рушыла ў паліклініку №1 у Маладзечне.

У рэгістратуры сказала пра сваё жаданне. Там выдалі амбулаторную картку і накіравалі ў кабінет № 101 – дапрышчэпкавы.

Уважлівая доктар распытала пра самаадчуванне, хранічныя хваробы, удакладніла, ці хварэла ўжо я на кавід.

Спыталі, якую вакцыну я хачу: кітайскую ці расійскую.

Выбар парадаваў. Не чакала, калі шчыра. Абрала кітайскую. Бо менавіта пра яе чула добрыя водгукі.

Тут жа выдалі памятку з рэкамендацыямі для прышчэпленых. Пасля працэдуры тры дні рэкамендавалася пазбягаць фізічных нагрузак, лазні, алкаголю. Суткі нельга было мачыць месца ўколу. Яшчэ доктар папярэдзіла, што калі пасля працэдуры будзе дрэннае самаадчуванне, паведамляць ёй.

І нават пазначыла на памятцы свой мабільны.

З памяткай і накіраваннем я пайшла ў наступны кабінет – непасрэдна на прышчэпку. Вялікай чаргі не было. А тых, хто на кітайскую, увогуле, бралі ў першую чаргу. Моманту ўколу нават не адчула. Пасля прышчэпкі параілі паўгадзіны пабыць пад кабінетам (а раптам што). Але нічога дрэннага не здарылася і я, шчаслівая і ўколатая, аднесла патрэбную паперку свайму доктару.

Як адчувала сябе некалькі дзён пасля працэдуры? Добра. Першы дзень крыху пабалела рука, у якую калолі.

Праз 21 дзень, ужо ў канцы ліпеня, пайшла за другой дозай. Усё адбылося па схеме, як і ў першы раз. Толькі народу пад кабінетамі было не так мала і ўкол чамусьці атрымаўся больш адчувальным. Але ніякіх пабочак.

На наступны дзень пайшла, каб займець сертыфікат. Ён каштуе чатыры рублі і сем капеек. Дакумент можна атрымаць па буднях ад 8.00 да 12.00. Часу пайшло больш, чым на прышчэпкі. Аказваецца, папера гэтая шмат каму ў Маладзечне патрэбная. Спачатку адстаяла немаленькую чаргу ў касу. Пасля такую ж – у кабінет, дзе выдаюць сертыфікаты. Ну вось і ўсё. Цяпер я вакцынаваная і сертыфікаваная.