Фота са старонкі Васіля Грыня ў фэйсбуку.

Аўтар нарадзіўся ў Маладзечне. Займаецца турыстычнымі паслугамі. Купіў хутар Засцянак Скрыплеў на Валожыншчыне, дзе і займеў цудоўнага суседа, адметнага сваёй дасціпнасцю і непасрэднасцю. Размовы з Браніславычам, замалёўкі з мясцовага жыцця, а яшчэ крыху ўспамінаў з дзяцінства і дарослае іх усведамленне — вось што складае гэтую кнігу, піша knihi.by.

Адметна, што напісана яна каларытнай гаворкай.

Вось што аўтар піша ў прадмове: «Перад тым як вы будзеце чытаць гэтую кнігу (а пачынаць можна з любой старонкі), не падуймайце, што я вар’ят, — я і сам такога не чакаўшы. Лічыў і лічу сябе маладзечанскім правінцыйным інтэлігентам, нават з невялічкай навуковай ступенню магістра адукацыі ў галіне гісторыі. Аспірантуру мусіў кінуць, бо рана ажаніўся, з’явілася першае дзіця — а зубы на паліцы. Метамарфоза. Спартыўныя захапленні сталі работай, а навука гісторыя трансфармавалася ў захапленні краязнаўствам — так было кавалак часу, пакуль з горных лыжаў (доўга працаваў у галіне гарналыжных тураў) пабудаваў дом пад Менскам і стала лягчэй. Потым саскочыў з лыжнай тэмы і купіў лодкі — стаў адзін з першых “пускаць караблікі” па нашых рэчках для турыстаў. Пачаў шукаць месца, каб было прама на рацэ… І знайшоў. Здаецца, што гістарычная спіраль біяграфіі замкнулася ў кропцы, недалёка, дзе я нарадзіўся, — у тых жа кутах. Купіў зарослы кінуты хутар і вярнуў яго да жыцця.»

Васіль Грынь у 2020 годзе стаў пераможцам штогадовай акцыі «Рэгіянальнай газеты» «Асоба года» ў намінацыі «Натхненне года».

Гаспадары аграсядзібаў Валожынскага раёна гатуюць гарачыя абеды для медыкаў інфекцыйнай бальніцы