Момант перакрыцця вуліцы Вялікі Гасцінец. Фота з суполкі «Молодечно LIVE».

Маладзечанцы Дзмітрый Карабейнік і Рыгор Саладоўнікаў пачалі адбываць пакаранне на «хіміі» — яны зноў у спісе палітвязняў. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Маладзечанцаў Дзмітрыя Карабейніка і Рыгора Саладоўнікава затрымалі 22 лістапада. Іх абвінавацілі ў перакрыцці вуліцы Вялікі Гасцінец у Маладзечне з расцяжкай «Пакуль у краіне беззаконне, супраціўленне – наш доўг». 31 сакавіка Дзмітрыю і Рыгору прысудзілі 1 год і 6 месяцаў «хіміі».

Дзмітры Карабейнік.
Рыгор Саладоўнікаў.

29 ліпеня Карабейнік быў накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову №6 (Кобрынскі раён). 30 ліпеня Саладоўнікаў быў накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову №17 (Гомель).

Нагадаем, 21 лістапада 2020 года чацвёра маладзечанцаў — Карабейнік, Саладоўнікаў, Сяргей Сідаровіч, Карыцька — выйшлі на зялёнае святло пешаходнага светлафора на скрыжаванні Вялікі Гасцінец-Хмяльніцкага з банерам «Пакуль у краіне беззаконне, супраціўленне — наш доўг». Яны прастаялі на зялёнае святло, 26 секунд на чырвонае (дазваляльны зялёны для кіроўцаў) і на наступны зялёны сышлі.

Сяргею Сідаровічу і Эліне Карыцьке таксама прысудзілі па паўтара года «хіміі». Ганне Задорскай і Ігару Сідаровічу – штрафы.