Крысціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіа. Фота Reuters.

Дырэктар маладзечанскай сярэдняй школы №14, член Савета Рэспублікі Каліна Капуцкая выказалася пра спартсменку Крысціну Ціманоўскую, якую, паводле самой бягухі, удзельнікі беларускай алімпійскай дэлегацыі спрабавалі гвалтоўна выслаць з Токіа.

Цытату Капцкай прыводзіць БЕЛТА:

— З прычыны апошніх падзей, якія адбыліся на Алімпіядзе ў Токіа, назваць Крысціну Ціманоўскую сапраўднай спартсменкай можна з вялікай нацяжкай. Ва ўяўленні кожнага чалавека ўдзельнік алімпійскай зборнай — спартсмен найвышэйшага класа, які валодае сфармаванымі маральнымі якасцямі, аўтарытэт ва ўсім, у тым ліку ў патрыятызме, адданасці сваёй краіне і прафесіі. Але тут мы, на жаль, убачылі чалавека, які ігнаруе карпаратыўную этыку, відавочна, які мае нейкую асабістую незадаволенасць, выдаткаваўшы занадта шмат сіл на негатыў і незадаволенасць, забыўшыся, што галоўная задача ўдзельніка Алімпіяды— стаць лепшым і падняць на п’едэстале сцяг сваёй краіны.

Каліна Капуцкая.

Паводле Капуцкай, не трэба быць экспертам, каб убачыць у звароце Ціманоўскай пыху, непавагу і грэбаванне да сваіх калег, да тых, хто даў ёй шанец паспрабаваць свае сілы і перамагчы.

— Заканамернае няўдалае выступленне Ціманоўскай у алімпійскай кваліфікацыі і наступны неспартыўны ўчынак кажуць, што мала быць прафесіяналам, трэба быць яшчэ і чалавекам, які імкнецца прынесці славу сваёй радзіме. У Беларусі дастаткова такіх прыкладаў — спартсменаў, чые імёны назаўжды ўпісаны ў гісторыю прафесійнага спорту як прыклады мужнасці, стойкасці, смеласці і патрыятызму. А нестабільны эмацыйна-псіхалагічны стан, хутчэй за ўсё, назавуць «сіндромам Ціманоўскай», — адзначыла Капуцкая.

Першага жніўня Крысціна Ціманоўская заявіла, што прадстаўнікі беларускай алімпійскай дэлегацыі спрабуюць гвалтоўна вывезці яе з Токіа. У аэрапорт, дзе знаходзілася спартсменка, прыехалі паліцыя, прадстаўнікі беларускай дыяспары. Паліцыя ўзяла Ціманоўскую пад абарону. Спартсменка заявіла, што збіраецца прасіць палітычны прытулак у адной з еўрапейскіх краін. Сёння стала вядома, што ейны муж Арсеній Зданевіч з’ехаў з Беларусі.

• Текст доступен на языке: Русский