Маленькія зорачкі тэатра песні "Мерыдыян".

– Наш канцэрт мы назвалі «Тэрыторыя сэрца». Хай дабрыня вашых сэрцаў дапаможа зрабіць жыццё Максіма лепшым, – так пачалі ўчарашні канцэрт вядучыя.

Скрыні для збору стаялі на ўваходзе ў амфітэатр.

Мерапрыемства ў падтрымку маладзечанца Максіма Сіўца зладзіў тэатр песні «Мерыдыян» Маладзечанскага палаца культуры.

Цёплым жнівеньскім вечарам у амфітэатры гучалі песні ў выкананні артыстаў «Мерыдыяна» розных узростаў. На ўваходах стаялі скрыні, у якія ахвотныя па магчымасці маглі пакласці грошы на лекі для хлопчыка.

Максіма і яго маму вядучыя запрасілі на сцэну.Вера падзякавала ўсім неабыякавым за дапамогу.

Пра тое, як сям’я змагаецца з хваробай сына – мышачнай дыстрафіяй Дзюшэна-Бекера, расказала са сцэны мама хлопчыка Вера Сівец:

– Прыйшоў той час, калі мы вымушаныя прасіць вас пра дапамогу. Спачатку нашай сям’і хапала грошай на лячэнне Максіма, а цяпер нам патрэбная ваша падтрымка. Вельмі прыемна, што людзі адгукаюцца, што мы не адны з нашай бядой. Відаць, беларусы – яны такія – заўсёды дапамагаюць адзін аднаму.

Мы вельмі чакаем, пакуль зможам выкарыстоўваць прэпарат – мікрадыстрафін. Аднак ён яшчэ на этапе распрацоўкі.

А пакуль лекаў для Максіма няма ў Беларусі. Сям’я вымушаная замаўляць прэпараты за мяжой.

Па словах Веры, нядаўна медыкі пацвердзілі, што сын можа прымаць  «Аталурэн». А яго кошт на год – непад’ёмная сума для сям’і.

Як паведамілі арганізатары, на лячэнне Максіма сабралі 1013 рублёў 47 капеек.

Не так даўно мы пісалі пра сям’ю Веры Сівец. Хто хоча даведацца больш пра Максіма і яго родных, прапануем пачытаць наш колішні матэрыял:

«Нашы дзеці – не кара і не выпрабаванне. Гэта наш лад жыцця». Як жыве шматдзетная сям’я, у якой двое дзяцей маюць інваліднасць

Васіліса Дварэцкая спявае пра тое, як стане зоркай.
Гледачы.
Надзея Сліж з песняй пра каханне.
Выступленне Яны Даўбенка суправаджаў шоу-балет.