Да 1939 года кнігарня стаяла прыблізна на месцы гэтай крамы. Фота molodechno.gde.by.

Згадку пра такую кнігарню ў Маладзечне знайшоў краязнаўца Кастусь Шыталь у «Беларусім народна-гаспадарскім календары за 1935 год».

Абвестка ў "Беларускім гаспадарска-народным календары" за 1935 год.

У абвестцы паведамляецца, што кнігарня знаходзілася па адрасе: Замкавая, 23 і што тут можна набыць беларускія кніжкі, календары, газеты, беларускія і польскія падручнікі, пісьмовыя прылады. Таксама карама выпісвала і прадавала запчасткі для ровараў. А яшчэ пры ёй была бібліятэка.

Маладзечанскі пісьменнік і краязнаўца Міхась Казлоўскі ў 2006 годзе сваёй кнізе «Галасы разбуджаных птушак» пісаў пра кіраўніка гэтай кнігарні. Артыкул называўся «Беларускі кнігар».

У артыкуле аўтар піша, што кнігарня месцілася насупраць царквы. Сам будынак да нашага часу не захаваўся. На яго месцы, недалёка ад аўтобуснага прыпынка, сёння стаіць крама. Раней «Садавіна і агародніна», цяпер «Прадукты».

Вось, што піша Міхась Казлоўскі пра кнігарню: «А кнігарня была слаўная. Да 1939 года яна заставалася адным з нямногіх апірышчаў нацыянальнай культуры, дзе легальна можна было набыць беларускія кнігі, газеты, часопісы, падручнікі, пакарыстацца фондам вялікай і багатай беларускай бібліятэкі, якая спрэс складалася з выданняў былой Заходняй Беларусі.

Гаспадаром той кнігарні быў Міхась Станкевіч – беларускі асветнік, кнігар, настаўнік, патрыёт.

Аўтар прыгадвае і біяграфію Міхася Станкевіча. Ён нарадзіўся ў Гародзьках, на Валожыншчыне, у 1899 годзе ў сям’і заможных сялян. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, чатырохкласным вучылішчы. Пасля настаўнічаў у вёсцы Шыпулічы (цяпер Маладзечанскі раён). У 1916 годзе стаў навучэнцам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Але вучыўся ў Смаленску, бо туды з набліжэннем фронту да Маладзечна, эвакуявалі ўстанову.

Пасля вяртання настаўнічае ў Гарадку, а маі 1920 адкрывае беларускую школу ў Гародзьках. Але ў 1923 годзе польскія ўлады зачынілі школу.

Тады Станкевіч наладзіў кантакты з беларускімі арганізацыямі ў Вільні і ў лютым 1926 года адчыніў беларускую кнігарню ў Маладзечне. Унутры памяшканне кнігарні аздобіў Іллюк Божка – мясцовы мастак-самавук.

У бібліятэцы, што дзейнічала ў кнігарні, працавала Паўліна Крук. Разам са Станкевічам яны ладзілі беларускія вечарынкі, прысвечаныя вядомым літаратарам.

18 верасня 1939 года савецкія ўлады канфіскавалі кнігарню і маёмасць. Сям’ю ж Станкевічаў арыштавалі і выслалі за межы Беларусі.

• Текст доступен на языке: Русский