Родныя Аляксея пасля судовага пасяджэння.

Сёння ў Маладзечне пачаўся суд над спартсменам, байцом ММА Аляксеем Кудзіным. Суддзя – Вольга Дубовік. Дзяржабвінаваўца – Жук. Пацярпелыя – Канстанцін Яндола і Андрэй Зорын.

Кудзіна абвінавачваюць у «супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак» (частка 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса).

Падчас устанаўлення асобы падсуднага Аляксей Кудзін расказаў, што жанаты.

Мае чацвярых дзяцей – 12, 10, 8 і 4 год.

Да заключэння пад варту працаваў ІП. Раней не быў судзімы.

Напачатку Кудзін заявіў хадатайніцтва – спыніць крымінальную справу ў сувязі з прымірэннем бакоў. Яндола пагадзіўся, Зорын – не. Не падтрымаў хадатайнітва і пракурор.

Згодна з матэрыяламі справы, 10 жніўня мінулага года каля 20.15 на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне Адяксей Кудзін стукнуў рукой па галаве вайскоўца ўнутраных войскаў часткі 6713 прапаршчыка Канстанціна Яндолу, ад чаго той атрымаў крывападцёкі і раны. Там жа стукнуў рукой па галаве супрацоўніка УУС Мінаблвыканкама Андрэя Зорына, які таксама атрымаў пашкоджанні.

Аляксей прызнаў, што ад яго дзеянняў пацярпелі супрацоўнікі. Але адзначыў, што не меў папярэдняга намеру супраціўляцца.

Удары былі не наўмыснымі, а выкарыстоўваліся як самаабарона.

Што расказаў суду Кудзін пра падзеі 10 жніўня

– Каля сямі вечара я выйшаў з дома паглядзець, што робіцца ў горадзе, бо інтэрнэту не было. Сустрэў сяброў. Разам пайшлі да кафэ «Лагуна». Хацелі выпіць кавы і абмеркаваць мой замежны турнір, які павінен быў хутка адбыцца. Сустрэлі яшчэ знаёмых. Пасля з парку выйшлі хлопцы і сказалі, што на плошчы салдаты ў асобай амуніцыі, а людзі стаяць перад імі на каленях.

Мы вырашылі схадзіць паглядзець. Хлопцы папярэджвалі, што многіх затрымліваюць. Але падумалася: мы ж – не злачынцы. На саму плошчу прайсці не атрымалася. Усё было перакрыта. Былі бачныя салдаты і людзі на каленях перад імі. Сімволікі не заўважыў. У той час на плошчы яшчэ былі людзі, але не натоўпам, а кампаніямі. Супрацоўнікі міліцыі казалі ў рупар пакінуць плошчу.

Плошча была злева ад мяне. Я стаяў тварам да гандлёва-эканамічнага каледжа. У нейкі момант пачуў шум шчытоў і пабачыў, што шыхт людзей са шчытамі рухаецца ў наш бок, з’явіліся супрацоўнікі ў чорнай форме. Падышлі да мяне і я падумаў: «Няўжо біць будуць». Тады я паказаў рукі, што ў мяне нічога няма, і зрабіў крок наперад. Хацеў сказаць: не чапайце сваіх, бо думаў, што гэта маладзечанскія міліцыянеры. Зрабіў крок насустрач і адчуў, што нехта з супрацоўнікаў распыліў балончык.

Далей было, як у спорце: дзейнічаў на інстынктах.

У сябе прыйшоў ужо ў парку. Зняў майку. Налічылі шэсць-восем удараў дубінкай на спіне. Былі шышкі на галаве.

Першая думка была: «За што?»

Хто канкрэтна яго біў, Аляксей не бачыў.Толькі памятае, як мільганула дубінка ў руках супрацоўніка ў чорным. Ад дубінкі Кудзін стараўся схаваць галаву рукамі.

Абвінаваўца:

– Калі вы выдвінулі руку, яна дакранулася да супрацоўніка міліцыі?

Кудзін:

– Памятаю, што ўпёрлася ў нешта цвёрдае: у каску ці ў дубінку.

– Па вуліцы Будаўнікоў пайшоў дамоў, – працягвае Аляксей. – Узяў машыну, паехаў у бальніцу паказаць пашкоджанні.

Але перад пешаходным пераходам ля восьмай школы мяне падрэзалі дзве машыны і кінулі светла-шумавую гранату. Пачалі крычаць: «Работает СОБР».

Пасля даставілі ў РАУС Маладзечна.

Дзяржабвінаваўца папрасіла Кудзіна пракаментаваць, як так атрымалася, што ад яго дзеянняў пацярпелі супрацоўнікі сілавых структур.

– Магчыма, гэта здарылася ў стане афекту, не наўмысна. Відавочцы пасля казалі, што я абараняўся.

Калі б я мэтанакіравана стукнуў прапаршчыка, ён бы значна больш пацярпеў. На спаборніцтвах ударам я выбіваў людзям па некалькі зубоў, ламаў нос. І калі б я стукнуў кулаком Яндолу, я б, як мінімум, зламаў яму сківіцу.

З Зорыным, па словах Кудзіна, адбылося наступнае: Аляксей развярнуўся, каб сысці ад удараў. Пабачыў, што на яго ідзе супрацоўнік і выставіў руку, але без злога намеру. Ці было судакрананне, не памятае.

За маральны ўрон Аляксей Кудзін заплаціў 15 тысяч рублёў Яндоле і чатыры тысячы Зорыну.

На пытанне абаронцы, ці плануе Аляксей, калі будзе магчымасць, выступаць на спаборніцтвах пад сяцягам Беларусі, спартсмен адказаў:

– Так. Я ўсяго дабіўся пад гэтым сцягам. А ў 2013 годзе мяне ўзнагароджваў Прэзідэнт.

З паказанняў пацярпелага Канстанціна Яндолы

– 10 жніўня быў накіраваны ў Маладзечна для забеспячэння парадку. Быў у форме са спецабаронай і спецсродкамі. Каманда накіроўвацца на плошчу паступіла ўдзень. Мелі загад: не чапаць жанчын і дзяцей. Мы былі ў ланцугу – вайскоўцы і работнікі УУС.

Памятаю, як некага адштурхнуў шчытом і страціў прытомнасць. Прыйшоў у сябе ў бальніцы пад кропельніцай.

На пытанні дзяржабвінаваўцы Яндола адказаў, што спецсродкі не прымяняў, у яго адрас абразы не выкарыстоўваліся. Каб нехта побач распыліў газ, ён бы адчуў.

Адзначыў таксама, што прэтэнзій да Кудзіна не мае, але не разумее, чаму той не з’явіўся на першы суд і абразіў яго на відэа ў інтэрнэце. Патрабуе публічнага абвяржэння.

Спасылаючыся на пратакол папярэдняга допыту,у судзе адзначылі, што Яндола гаварыў пра абавязковы газавы балончык у спецабмундзіраванні, які не выкарыстоўваецца без загаду кіраўніцтва.

Тады пацярпелы ўдакладніў: магчыма, балончыкі і былі, але іх дакладна не прымянялі.

З паказанняў пацярпелага Андрэя Зорына

– Мы стаялі ў страі, але не ў ланцугу. Калі ўнутраныя войскі пачалі адцясняць натоўп, мяне збілі з ног. Я толькі паспеў падняцца, і ў гэты момант мяне ўдарыў Аляксей Кудзін. Дапускаю, што не далонню, а кулаком. Ударыў каля рота са словамі: «На, мент, атрымай». Пасля я пайшоў да супрацоўнікаў УУС, што былі на плошчы справа.

Пабачыў, што адзін з вайскоўцаў у непрытомнасці ляжыць на траве.

Прозвішча таго, хто яго стукнуў не называлі. Казалі толькі, што гэта высокі, спартыўны накачаны хлопец.

Зорын адзначыў, што з чатырох тысяч, якія атрымаў у якасці кампенсацыі ад Кудзіна, дзве ахвяраваў на лячэнне дзяцей хворых на анкалогію. А дзве пакінуў сабе, але сколы зубоў, што займеў пасля 10 жніўня, яшчэ не лячыў, бо не перашкаджаюць.

– Да Кудзіна я маю прэтэнзіі і не веру ў шчырасць яго выбачэнняў, – дадаў пацярпелы.

Напрыканцы пасяджэння Аляксей сказаў, што шкадуе пра тое, што назваў у відэароліку ў інтэрнэце прозвішчы Яндолы і Зорына:

– У іх усё ж дзеці, сем’і. Я зрабіў гэта на эмоцыях.

Суд працягваецца.

• Текст доступен на языке: Русский