Пасля сённяшняга пасяджэння.

Сёння працягнуўся суд па справе вядомага спартсмена Аляксея Кудзіна. Дапыталі дзесяць сведкаў і даследавалі пісьмовыя крыніцы і відэа.

На пытанні суда адказалі сведкі Вадзім Прыгара, Раман Багданёнак, Кірыл Шыдлоўскі, Дзмітры Жартун, Сяргей Белячэўскі, Дзмітры Судніковіч, Аляксей Кафанаў, Юры Акулевіч, Яўген Шып, Віталь Палянскі. 

Амаль усе апытаныя сведкі – міліцыянеры, якія неслі службу ў горадзе 10 жніўня.

Што казалі сведкі-міліцыянеры

Так, начальнік РАУС Вадзім Прыгара, па яго паказаннях, кіраваў асабістым складам, а таксама вайскоўцамі і работнікамі УУС, якія прыбылі на ўзмацненне.

На пытанне адвакатаў, ці былі нагрудныя відэакамеры, сведка Прыгара адказаў, што ў аддзеле іх не асабліва шмат. І таму іх магло і не быць у супрацоўнікаў на плошчы.

Па словах усіх сведкаў, грамадзян неаднаразова папярэджвалі пра незаконнасць мерапрыемства і адказнасць за яго. Рабіў гэта ў рупар у складзе інфармацыйнай групы супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксей Кафанаў.

Працавала на плошчы таксама група дакументавання – супрацоўнік РАУС з відэакамерай і двое міліцыянераў, якія яго прыкрывалі.

Згодна з паказаннямі, відэа здымаў работнік Маладзечанскага РАУС Дзмітры Судніковіч. 

Аднак, па яго словах, ён выключыў камеру за некалькі хвілін да таго, як на зямлі пабачыў непрытомнага вайскоўца, якога, як яму паведамілі, ударыў Кудзін.

На пытанне суда, чаму ён выключыў камеру, сведка адказаў:

– Я ўжо заставаўся адзін, без супрацоўнікаў. Баяўся за сваю бяспеку.

Не ўсе сведкі з апытаных бачылі на плошчы Кудзіна і не ўсе заўважылі, як ён ударыў супрацоўніка ў ланцугу. Начальнік аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Маладзечанскага РАУС Дзмітры Жартун, згодна з яго паказаннямі, бачыў удар:

– Заўважыў групу з 10-15 маладых людзей. Усе моцныя хлопцы. Там быў і Кудзін. Заўважыў яго мускулы. Мы з асаблівай увагай глядзелі за гэтай групай, таму перайшлі ў левую частку ланцуга.

Тут я заўважыў, што абвінавачваемы рэзка падскочыў да ланцуга і нанёс удар. Ланцуг  уздрыгнуў, супрацоўнік прысеў.

Як падаў, я не бачыў. Пасля заўважыў, што супрацоўнік ляжыць на баку, з рота цячэ кроў. З яго ўжо знялі шлем. Спытаў у калег, хто ударыў. Яны адказалі, што Кудзін.

На пытанне суда: выпадкова ці наўмысна Кудзін ударыў вайскоўца, гэты сведка адказаў, што ўдар быў спецыяльна наікраваны. Ён гэта зразумеў, бо таксама займаўся адзінаборствамі.

Большасць сведкаў-міліцыянераў сцвярджалі, што натоўп на плошчы быў агрэсіўна настроены: людзі выкрыквалі лозунгі, абразы ў адрас улады, міліцыі, Маладзечанскага райвыканкама. Разам з тым большасць адзначала, што Аляксей Кудзін стаяў спакойна, лозунгі не выкрыкваў.

Па паказаннях сведкаў-міліцыянераў, ніхто з іх газавыя балончыкі не выкарыстоўваў. Каб гэта рабілі іншыя, яны таксама не бачылі і не адчувалі.

Сведка Багданёнак: Пачаў адыходзіць, але далёка не адышоў

Не звязаны з працай у міліцыі на судзе быў толькі адзін сведка – работнік у ІП Раман Багданёнак. Вось што ён адзначыў у сваіх паказаннях:

– З Кудзіным я знаёмы даўно. Мы ў прыяцельскіх адносінах. Убачыліся на Цэнтральнай плошчы каля 20.00. Я ішоў дамоў. Недалёка ад фантана пабачыў Лёшу, падышоў. Невядома чаму, да нас наблізіліся супрацоўнікі з дубінамі і шчытамі.

Я пачаў адыходзіць, але далёка не сышоў. Пачуў, як за спіной дрыжыць зямля. Азірнуўся і нічога не паспеў зрабіць. Убачыў супрацоўнікаў са шчытамі за метр-паўтара ад сябе, і мяне затрымалі.

Да мяне прымянілі газ. З-за яго гадзіны на чатыры выпаў з жыцця. Пасля Маладзечанскага РАУС мяне адвезлі ў Дзяржынск. Ніякага супраціўлення я не аказваў.

Па словах сведкі, атмасфера на плошчы была спакойнай. Проста шмат людзей. Кудзін быў у пазітыўным настроі, ніякай агрэсіі не праяўляў.

З паказаняў Віталя Будзько: Бачыў над Кудзіным воблака газу

Таксама зачыталі паказанні вілейчука Віталя Будзько, які не змог прысутнічаць на судзе. Згодна з імі, Кудзін і Будзько знаёмыя ад 2011 года. Яны разам трэніраваліся. Вырашылі сустрэцца вечарам у Маладзечне, абмеркаваць спаборніцтвы. Віталь дзеля гэтага прыехаў з Вілейкі. Спачатку пайшлі да кафэ, потым – да плошчы.

У нейкі момант Віталь на плошчы згубіў Аляксея.

Калі ўбачыў яго, то над Кудзіным было воблака газу і ён абараняўся ад удараў дубінкамі.

Пасля Кудзін і Будзько сустрэліся каля парку. У Аляксея была кроў на руцэ. Пра нанясенне ўдараў сілавікам і затрыманне Віталь даведаўся ад жонкі Кудзіна.

Кудзін: Я не апошні ў краіне чалавек, а з мяне робяць гопніка

Падчас вывучэння відэа, суд спытаў у Аляксея Кудзіна, наколькі праўдзівым было інтэрв’ю, якое той даваў, апынуўшыся за мяжой.

– Яно было праўдзівым часткова. Я паддаўся эмоцыям. Была крыўда.

Думалася: я не апошні чалавек у краіне, дзесяць год быў у нацыянальнай зборнай. Столькі ўзнагарод для Беларусі заваяваў, трэніраваў і рэкамендаваў людзей для службы асабістай бяспекі Лукашэнкі, а з мяне робяць нейкага гопніка.

Цяпер эмоцыі астываюць. У турме я зразумеў – трэба жыць у гэтай краіне і ўсіх прабачыць. На відэа мае выказванні часткова ўпрыгожаныя і дадуманыя, – адзначыў Аляксей.

Наступнае пасяджэнне ў аўторак. Будуць спрэчкі бакоў.

Як прайшло першае пасяджэнне, чытайце тут.

• Текст доступен на языке: Русский