Каманда "Old School".

10 жніўня ў Маладзечне пачаўся 15 Чэмпіянат па міні-футболе сярод калектываў фізічнай культуры Маладзечанскага раёна, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Палухі. Сёлета тут згуляе дзевяць каманд. Як расказалі арганізатары, самая стабільная і маладая па ўзросце ігракоў у спаборніцтвах – каманда «Old School» (Старая школа). Пра сёлетнія спаборніцтвы, каманду і футбол мы пагутарылі з былым капітанам Аляксандрам Варэнікавым.

– Адкуль такая назва каманды? 

– Не для каго не сакрэт, што цяпер у футболе значную ролю іграюць вялікія грошы. А мы сваёй назвай хацелі ўзгадаць «Старую школу» – мужыкоў якія гулялі за ідэю, адзін за аднаго, за краіну і родны горад, не шукаючы ва ўсім гэтым выгаду і застаючыся адданымі сваёй камандзе.

Самая галоўнае задача дзевяць гадоў таму для нас была стварыць дружны і згуртаваны калектыў, зацікавіць людзей з рознымі поглядамі на жыццё і зрабіць з іх адно цэлае. Ну і вядома ж, даць адчуць той драйв і азарт, што адчуваюць сапраўдныя спартсмены. Да гэтага мы маглі толькі марыць і глядзець, як гуляюць нашы любімыя каманды па тэлевізары. Каманду заснавалі ў пачатку 2013 года. Тады мы запрасілі нашых сяброў, якіх ведалі яшчэ са школы. І скарысталіся сацеткамі для пошукаў ігракоў.

– Хто яны – футбалісты вашай каманды?

– Звычайныя маладзечанскія хлопцы, якія працуюць у розных сферах дзейнасці. Не ўсе нават наведвалі мясцовую ДзЮСШ-4.

– Ігракі ў камандзе часта мяняюцца?

– У калектыве ў нас практычна ўсе з самага заснавання каманды. Пару хлопцаў прыйшло крыху пазней, але па гэты дзень у аранжавай-чорных колерах.

– Вы кіравалі камандай доўгі час. Цяжка было?

– Капітанам я быў на працягу васьмі гадоў. З мінулага года дадзеная роля, а менавіта выбар стратэгіі гульні, ляжыць на плячах іншага іграка. Я займаюся ўсімі іншымі пытаняннямі каманды. У ролі капітана складанасцяў хапала, але з набытым за гады досведам усё вырашалася без праблем і вельмі хутка.

Самае цяжкае, напэўна, калі бачыш абыякавасць у вачах сваіх хлопцаў за далейшы лёс каманды.

– Ці шмат магчымасцей для трэніровак ёсць у футбалістаў у Маладзечне? Дзе і як трэніруецеся вы?

– Трэніруемся штотыдзень, як і большасць маладзечанскіх калектываў. Летам гуляем на штучным пакрыцці за лядовым палацам, а ўзімку «блукаем» па школьных залах. Але адзначу, што ў нашым родным горадзе вельмі мала зроблена для аматараў міні-футбола.

– А раскажыце пра футбол у сваім жыцці.

– Гульню любіў з дзяцінства, але на жаль з мясцовай ДзЮСШ-4 так і не выйшла. І ўсё ж хацелася духу спаборніцтва. Тады ў 2007 годзе мы з сябрамі стварылі каманду «МАПЭ», але фінансаваць сябе не маглі, бо былі школьнікамі. Тады нам вельмі дапамагло кіраўніцтва ААТ «Маладзечанскі аграпрамэнерга»: набылі форму, трэніравальны інвентар і нават далі трэнера, які займаўся арганізацыяй спаборніцтваў. Затым пасля аперацыі на калена і доўгага аднаўлення каманда «МАПЭ» распалася. А ўжо ў 2013 з новымі сіламі мы заснавалі «Old School».

– Як на ваша захапленне глядзіць сям’я?

– Міні-футболу і камандзе мушу прысвячаць шмат часу. І асабліва цешыць, што мая сям’я заўсёды са мной. Няхай гэта будзе трэніроўка ці гульня ў Маладзечне або ў іншым горадзе, мая жонка і двое дзяцей са мной і гатовыя падтрымаць мяне ва ўсім.

Сям’я падтрымлівае Аляксандра ў яго захапленні футболам.

– Прыгадайце гісторыю ўдзелу каманды ў Чэмпіянаце памяці Мікалая Палухі.

– Усё пачалося ў далёкім 2013 годзе пад праліўным дажджом на гарадскім стадыёне. Мы без шанцаў саступілі камандзе «Крыніца» з лікам 0:5.

Тады ж па нас «катком» прайшліся калектывы «Пуцеец», «Маладзечнамэбля» і «Вілейка».

Праўда, змаглі згуляць мы і ў нічыю супраць каманды з аграгарадка Пятрышкі. Затым з кожным годам мы паляпшалі сваю гульню і вынік. Але, на жаль, чагосьці значнага дасягнуць у дадзеным турніры так і не змаглі.

– А на сёлетні Чэмпіянат якія спадзяванні?

– На жаль, каманда знаходзіцца цяпер не ў лепшай сваёй форме па шэрагу розных фактараў і таму разлічваць на выдатны вынік не прыходзіцца. Але заўсёды хочацца дабіцца самых высокіх мэтаў.

Лічу, што выхад у плэй-оф турніру для нас будзе добрым паказчыкам у гэтым годзе.

У Маладзечне пройдзе 15-гадовы Чэмпіянат па міні-футболе, прысвечаны памяці Мікалая Палухі

У 15-м Чэмпіянаце па міні-футболе, прысвечаны памяці Мікалая Палухі, паўдзельнічаюць дзевяць каманд

Фота з асабістай стронкі Аляксандра Варэнікава і суполкі «Old School» «Укантакце».

 

• Текст доступен на языке: Русский