Аляксей Кудзін пачас разгона акцыі 10 жніўня ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Сёння, 10 жніўня, у Маладзечанскім судзе пачаліся спрэчкі бакоў па справе маладзечанца, байца міжнароднага ўзроўню Аляксея Кудзіна.

Дзяржабвінаваўца: Вінаваты. Прызначыць пакаранне тры з паловай гады

Дзяржабвінаваўца лічыць, што віна Кудзіна даказаная. Супадаюць час і месца злачынства, сам Кудзін не адмаўляецца. Пацярпелыя падрабязна расказалі ў судзе пра пашкоджанні, атрыманыя ўвечары 10 жніўня. Пашкоджанні пацярпелых пацвярджаюцца медыцынскімі дакументамі. Некаторыя сведкі пацвердзілі, што Кудзін нанёс удар Яндолу. Яны ж пазналі Кудзіна. Дзяржабвінаваўца просіць прызнаць Кудзіна вінаватым і прызначыць пакаранне тры гады і шэсць месяцаў з улікам таго часу, які ён правёў пад вартай.

Абаронцы: Кудзін абараняў канстытуцыйнае права на жыццё і здароўе

Абаронцы Аляксея адзначылі, спасылаючыся на паказанні некаторых сведкаў, што Кудзін не праяўляў агрэсіі на плошчы 10 жніўня і не меў сімволікі. Ён сам пацярпеў ад удараў дубінкамі і ад газу, балончыкі з якім, па словах сведкаў, маглі быць у супрацоўнікаў. Ад удараў і спецсродкаў ён мог не памятаць сваіх дзеянняў.

Спартсмен абараняў сваё канстытуцыйнае права на жыццё і здароўе.

Ён раскаіўся, кампенсаваў урон пацярпелым, публічна выбачыўся, мае непаўналетніх дзяцей. з’яўляецца адзіным кармільцам у сям’і, мае значныя спартыўныя заслугі, у тым ліку, узнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі, раней не судзімы. Усе гэтыя абставіны, на думку абаронцаў, з’яўляюцца змягчальнымі.

Таксама абаронцы звярнулі ўвагу на наступнае: каб Аляксей па сваіх магчымасцях мэтанакіравана стукнуў пацярпелых, пашкоджанні былі б куды цяжэйшыя. Значыць, на іх думку, удары не былі мэтанакіраванымі.

У канцы спрэчак адна з абаронцаў адзначыла, што, прызначаючы пакаранне Кудзіну, неабходна карыстацца старой рэдакцыяй Крымінальнага кодэксу, бо падзеі здарыліся ў жніўні 2020.

У Маладзечне пачаўся суд над байцом Аляксеем Кудзіным

У судзе па справе Кудзіна апыталі дзесяць сведкаў. Амаль усе – міліцыянеры

• Текст доступен на языке: Русский