На месцы здарэння. Фота МНС.

11 жніўня ў 22.46 выратавальнікам Вілейшчыны паведамілі пра загаранне жылога дома па вуліцы Стаханаўскай у Вілейцы.

Пасля прыбыцця да месца выкліку ратавальнікі ўстанавілі шчыльнае задымленне ўнутры аднапавярховага драўлянага жылога дома. Пра тое, ці ёсць у доме людзі, дакладнай інфармацыі не было.

– Па прыбыцці да месца выкліку знешніх прыкмет адкрытага гарэння мы не назіралі, – распавёў начальнік варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Вілейкі капітан унутранай службы Дзяніс Шапшалевіч. – Калі мы выйшлі з аўтамабіля, пачулі крыкі аб дапамозе. Сфармавалі звяно і ўвайшлі ў дом для правядзення выведкі. Унутры дома было задымленне сярэдняй шчыльнасці. Мы адразу ўбачылі жанчын, якія знаходзіліся побач на канапе. Дачка прасіла дапамагчы маці, якая па стане здароўя не магла перасоўвацца самастойна. Мы дапамаглі абодвум: я пад рукі вывеў дачку гаспадыні, а мае калегі на руках вынеслі на вуліцу гаспадыню дома.

Выратаваных перададалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Пасля агляду жанчын адпусцілі дадому, бо ў медыцынскай дапамозе яны не мелі патрэбы.

Прычына пажару высвятляецца.

• Текст доступен на языке: Русский