67-гадовая жыхарка Радашкавічаў паведаміла ў дзяжурную частку Маладзечанскага РАУС, што ў яе зніклі грошы. Жанчына патлумачыла: назапашаныя зберажэнні яна захоўвала ў кішэні курткі, якая вісела ў шафе. Але калі пенсіянерка вырашыла на ўсялякі выпадак праверыць кішэнь, то грошай на месцы не аказалася.

На месцы міліцыянеры высветлілі, што незадоўга да інцыдэнту ў доме пацярпелай была яе 31-гадовая дачка з іх агульным далёкім сваяком. Абодва былі ўжо «пад градусам» і шукалі што выпіць, але алкаголю так і не знайшлі. Тады дачка заяўніцы сышла ні з чым, а 44-гадовы госць прылёг адпачыць.

Прачнуўшыся, мужчына, пашукаў у пакоях і шафе. І ў куртцы знайшоў семсот рублёў. Ён забраў грошы і накіраваўся па пакупкі. Купіў сабе спіртное, прадукты і цыгарэты. Тое, што гэта было сапраўды так, пацвярджаюць відэазапісы камеры назірання ў супермаркеце. Таксама за гэтыя грошы мужчына карыстаўся таксі.

Вядома, што фігурант працаваў дворнікам у дзіцячым лагеры, што непадалёк ад Радашкавічаў, там і пражываў.

Аператыўнікі затрымалі падазраванага недалёка ад месца працы. Мужчына прызнаўся ў зробленым і распавёў, што за некалькі дзён растраціў усе скрадзеныя грошы. У дачыненні да фігуранта следчымі па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Санкцыя прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. У мінулым ў мужчыны ўжо былі судзімасці за крадзяжы, разбой, крадзеж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі, ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

 

• Текст доступен на языке: Русский