Так выглядаў будынак у чэрвені. Фота mgazeta.by.

Пра тое, як будуецца ў Маладзечне школа №15 і якой яна будзе, для mgazeta.by расказала дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу Таццяна Бурсава.

– Які аб’ём работ ужо выкананы?

– Выканана каля 55 адсоткаў усіх будаўнічых работ, пачалі аздабленне памяшканняў, кладку падлогі, вызначылі колер дэкаратыўнай тынкоўкі і афарбоўкі сцен навучальных кабінетаў, падсобных і службовых памяшканняў, рэкрэацыі і холаў … У асноўным будуць пераважаць пастэльныя тоны. Наперадзе яшчэ, вядома, вельмі шмат спраў. Нават вызначыцца па закупцы посуду было няпроста – трэба выканаць усе неабходныя патрабаванні. А што казаць пра велізарную пераліку ігравога і спартыўнага абсталявання!

– Чым істотна будзе адрознівацца новая ўстанова адукацыі?

– У школе будзе басейн, хоць у сучасных рэаліях гэтым наўрад ці можна здзівіць. А вось прасторны клас (у 50 квадратных метраў) навучання правілам бяспекі жыццядзейнасці, мяркую, годнае ноу-хау, якое парадуе дзяцей, іх бацькоў і педагогаў. У ім мяркуецца размясціць вельмі складанае інтэрактыўнае абсталяванне, трэнажоры з праграмным забеспячэннем. Для прагулак дашкольнікаў прадугледжаныя ценявыя навесы з мяккім прагумаваным пакрыццём, на пляцоўках усталююць малыя архітэктурныя формы: горкі, гульнявыя комплексы, дзіцячыя спартыўныя збудаванні, лабірынты. На стадыёне бегавыя дарожкі і пляцоўкі таксама з мяккім пакрыццём.

Дарэчы, на стадыён будзе асобны ўваход. Таму ў пэўны час сюды змогуць прыходзіць і карыстацца абсталяваннем жыхары мікрараёна «Усходні».

Уся тэрыторыя школы будзе ахоплена відэаназіраннем.

– Ці шмат жадаючых аддаць сваіх дзяцей у новы сад-школу?

– На дадзены момант пададзена заяў на два першыя класы. Максімальная загрузка па чатыры класы ў кожнай паралелі пачатковай школы. Групы дашкольнікаў ўкамплектаваныя цалкам. У цэлым прыём дакументаў працягваецца. Ён арганізаваны на базе СШ №8 і СШ №11, дзе пакуль і будуць займацца нашы вучні з 1 верасня. А адкрыць сад-школу плануецца з новага каляндарнага года.

– Новая ўстанова – гэта і новыя працоўныя месцы.

– Працягваецца фарміраванне складу кіраўніцтва школы, педагагічнага калектыву і тэхперсаналу. Напрыклад, па выхавальнікх пададзена заявак на 90 адсоткаў вакансій, па іх памочнікам і тэхперсаналу – на 50. Многія тэлефануюць, каб патрапіць да нас на працу, запісваюцца ў якасці кандыдатаў.

– Да прызначэння на пасаду дырэктара дзіцячага сада – пачатковай школы №15 вы працавалі настаўнікам пачатковых класаў у гімназіі-каледжы мастацтваў, потым намеснікам начальніка ўпраўлення па адукацыі райвыканкама, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў гімназіі №10. Ці будзеце практыкаваць далей як настаўнік пачатковых класаў і выкладчык геаграфіі?

– Вельмі хацелася б. Бо стасункі з малодшымі школьнікамі дастаўляюць велізарнае задавальненне. Мне цікава скрэтч-праграмаванне – гэта зразумелая і неверагодна вясёлая мова праграмавання для дзяцей. Маю невялікі досвед у гэтым кірунку, які хацела б развіваць. Тым больш што ў новай школе для гэтага будуць створаны ўмовы – адкрыецца камп’ютэрны клас на 12 месцаў. Я 29 гадоў у педагогіцы, і мне цікавыя новыя веды, прагрэсіўныя падыходы ў навучанні, новыя тэхналогіі.