Той самы цэнтр. Фота lespol.org.

У аздараўленчым цэнтры «Лясная паляна», што ў Жодзішках, праводзіцца санітарная апрацоўка, паведаміла журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Людміла Кеда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нагадаем, што некаторыя з дзяцей, якія тут адпачываюць, захварэлі на каронавірус.

– Як толькі дзеці, у якіх станоўчы тэст, пераводзяцца з памяшкання, у якім яны знаходзіліся, абавязкова праводзіцца санітарная апрацоўка, – сказала Людміла Кеда.

Пасля пацверджання выпадкаў кавід-інфекцыі ў аздараўленчы цэнтр накіраваліся дзіцячыя інфекцыяністы, пульманолагі і педыятры як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў. Цяпер яны знаходзяцца тут жа і аглядаюць дзяцей, адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Калі некаторым пацыентам спатрэбіцца стацыянарнае лячэнне, такую магчымасць ім прадаставяць.

Людміла Кеда падкрэсліла, што маніторынг стану дзяцей праводзіцца на пастаяннай аснове. У аздараўленчыя лагеры прыязджаюць дзеці з медыцынскімі даведкамі аб стане здароўя і пра тое, што яны не былі ў кантакце з інфекцыйнымі хворымі.

Як у аздараўленчых лагерах, так і ў падобных аздараўленчых цэнтрах створаныя ўмовы для ізаляцыі дзяцей з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі.

– У дадзенай сітуацыі дзеці былі ізаляваны і цяпер таксама знаходзяцца ў ізалятары”, – адзначыла яна.