Каманда "Металург". Фота забяспечанае Паўлам Русаком.

У Маладзечне працягваецца 15 Чэмпіянат па міні-футболе памяці Мікалая Палухі. Сёння гутарым з капітанам адной з каманд-удзельніц. Наш герой – Павел Русак, які кіруе футбольнай камандай «Металург».

– У канцы 1980-ых у Маладзечне ўжо была каманда «Металург» пры Заводе парашковай металургіі. Няўжо вы маеце да яе нейкае дачыненне? У любым выпадку, так гэта ці не, раскажыце пра гісторыю сваёй каманды, яе назву і дасягненні.

– Думаю, годам заснавання каманды можна лічыць 2015. Менавіта ў той час заснавалі чэмпіянат горада Маладзечна па міні-футболе, больш вядомы як ЧММФ. І ад арганізатараў таго турніру паступіла прапанова ўсім ахвотным аматарам міні-футболу заяўляць каманды для ўдзелу. Вось гэты момант і стаў каталізатарам утварэння нашай каманды.

Узброены энтузіязмам і жаданнем гуляць у міні-футбол, я сабраў аднадумцаў, якія падтрымалі мяне ў гэтым імкненні.

І мы заявіліся на той турнір. Вось з таго часу і існуе каманда «Металург» у тым выглядзе, у якім яе ведаюць аматары і ўдзельнікі міні-футболу ў Маладзечне.

Ні да Завода парашковай металургіі, ні да якіх-небудзь іншых прадпрыемстваў і арганізацый наша каманда не мае ніякага дачынення. Усе арганізацыйныя і фінансавыя складнікі ўдзелу ў розных турнірах вырашаюцца з дапамогай саміх ігракоў каманды. А адзінае, што аб’ядноўвае нас з камандай «Металург» 1980-х гадоў, – гэта толькі назва.

Прэстыжных кубкаў і ўзнагарод наша каманда не заваёўвала. Ва ўсякім разе, пакуль.

З найбольш значных дасягненняў можна адзначыць трэцяе месца на турніры, прысвечаным памяці Мікалая Палухі у 2019 годзе.

– Ці сутыкаецеся з тым, што у Маладзечне у футбалістаў ёсць праблемы з месцамі для трэніровак? Чаму? Калі ёсць такая праблема, то як вырашаеце?

– З магчымасцямі трэніравацца ў горадзе сапраўды ёсць пэўныя праблемы. Справа ў колькасці пляцовак, на якіх гэта можна рабіць. Бо з адпаведных міні-футбольным стандартам у горадзе ёсць толькі штучнае пакрыццё каля спартыўна-забаўляльнага цэнтра. І калі ў цёплую пару года на ёй яшчэ можна сабрацца і пагуляць, то вось дзе трэніравацца зімой – вялікае пытанне.

Была адзіная прымальная пляцоўка ў сценах таго ж цэнтра, але цяпер не будзе і яе, бо тая перароблівацца пад баскетбольную.

Таму даводзіцца шукаць альтэрнатыву накшталт маленькіх пляцовак у школах або на прадпрыемствах горада. Аднак і з доступам туды ёсць пэўныя цяжкасці.

– Хто яны – члены каманды? Ці часта мяняюцца?

– Гэта аматары міні-футболу як з Маладзечна, так і з наваколля. Склад удзельнікаў перыядычна мяняецца. Хтосьці сыходзіць, нехта прыходзіць. Але пэўны касцяк ўсё ж застаецца нязменным ужо на працягу некалькіх гадоў.

– Як вы самі прыйшлі ў футбол?

– Колькі сябе памятаю, заўсёды было жаданне і імкненне гуляць у футбол. Прычым не важна дзе і з кім. Магчыма, гэта перайшло ў спадчыну: дзядуля таксама быў захоплены гэтым відам спорту. Увогуле, з малых гадоў я пачаў ўбіраць гэты запал да футбола. У апошнія гады, праўда, запал трохі вычарпаўся.

Ужо няма таго жадання гуляць пастаянна, як было раней. Магчыма, віной таму мноства траўмаў за гэты перыяд.

Тым не менш, калі здаровы, трэніруюся пару разоў на тыдзень. Знаходжу час на басейн. Плаванне станоўча ўплывае на ўвесь арганізм. Як у фізічным, так і псіхалагічным плане.

– Як пачаўся ваш удзел у Чэмпіянаце памяці імя Мікалая Палухі?

– Калі не памыляюся, першы раз прыняў удзел у турніры ў 2010 годзе. Знаёмыя хлопцы прапанавалі пагуляць у іх камандзе, і я пагадзіўся. З тых часоў, за мінулыя дзесяць гадоў, толькі пару разоў не ўдзельнічаў у дадзеным турніры.

– Якія спадзяванні на сёлетнія спаборніцтвы? 

– Заўсёды рады гуляць на гэтым чэмпіянаце. Сёлета – не выключэнне. Спадзяюся, што гэты турнір мая каманда правядзе на годным узроўні, паказаўшы якасны футбол.

У Маладзечне пройдзе 15-гадовы Чэмпіянат па міні-футболе, прысвечаны памяці Мікалая Палухі

У Маладзечне прайшоў першы тур 15 Чэмпіянату па міні-футболе памяці Мікалая Палухі

«Хацелі ўзгадаць тых, хто гуляў не за грошы, а за ідэю і родны горад». Пагутарылі з футбалістам каманды «Old School»

• Текст доступен на языке: Русский