Музкаледж у Маладзечне. Фота з Вікіпедыі.

Сёння ў Маладзечанскім музкаледжы імя Агінскага прадставяць новага дырэктара. Гэта Дзмітры Раўба. Да яго прызначэння 41 год установай кіраваў Рыгор Сарока. 

– Новы дырэктар – наш выпускнік па класу баяна. Доўгі час ён быў намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы дзіцячай школы мастацтваў ва Уладзіміра Яцыновіча, таксама нашага выпускніка. Перада мной установай кіравалі не выпускнікі каледжа. І яны сыходзілі, адпрацаваўшы па некалькі год. Я быў першы дырэктар-выпускнік. Дзмітры Раўба – другі.

Дзмітры Раўба. Фота з сайта Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Шмат створана за 41 год. Новаму дырэктару трэба толькі ўсё гэта падтрымліваць на належным узроўні, нараджаць розныя творчыя праекты, каб наша ўстанова і надалей заставалася знакамітай. Канешне, новаму кіраўніку трэба знайсці падыход да калектыву, зрабіць так, каб яго сталі паважаць і палюбілі. Бо калектыў наш вельмі дружны і прафесійны. Дырэктар павінен яму адпавядаць.

На пытанне журналіста, ці не страціць каледж сваю беларускасць, Рыгор Сымонавіч адказаў наступнае:

Ніл Гілевіч, які неаднаразова бываў у каледжы і якога тут вельмі любілі, некалі сказаў, што ў нашай установе жыве беларускі дух. У нас у каледжы ўсё справаводства вядзецца па-беларуску. Я перакананы: работнікі культуры павінны зберагаць родную мову.

І мне б вельмі не хацелася гэта страціць.

Хай новы кіраўнік вядзе такі цудоўны карабель далей, а я буду побач і заўсёды дапамагу, калі будзе патрэбна, – падсумаваў былы кіраўнік.

Нагадаем, што Рыгор Сарока застаецца ў каледжы. Па яго словах, цяпер яму, вольнаму ад адміністрацыйнай працы, будзе больш часу на творчасць, аркестр і студэнтаў.

 

• Текст доступен на языке: Русский