Каманда "Дзіліс". Фота забяспечанае Яўгенам Каратаем.

У другім туры 15 Чэмпіянату па міні-футболе імя Мікалая Палухі каманда «Дзіліс» выйграла ў «Беразінцаў» з лікам 9:1. Пра тое, як атрымалася перамагчы з такім вынікам, а таксама пра футбол і каманду «Дзіліс» мы паразмаўлялі з яе капітанам Яўгенам Каратаем.

– Падзяліцеся, як атрымалася дасягнуць такога выніку ў гульні з «Беразінцамі» і якія спадзяванні ў каманды на далейшую гульню ў Чэмпіянаце?

– Гульня праходзіла ў духу суперніцтва. Напэўна, каманда суперніка не настроілася на гульню, а нам удалося ў першым тайме рэалізаваць усе свае магчымасці, што больш падламіла супернікаў. Каманда «Дзіліс» заўсёды настроена на перамогу. Як будуць складвацца далейшыя матчы? Пагуляем – убачым.

– Гэта ж не першы ваш удзел у Чэмпіянаце?

– Так. У Чэмпіянаце імя Палухі гуляем не першы год. Раней наша каманда называлася «СМУ-5». Затым мы змянілі назву на «Дзіліс», бо гэтая кампанія стала спонсарам нашай каманды ў ЧММФ Маладзечна. А ў далейшым мы проста вырашылі пакінуць гэтую назву.

Але заўважу, на Чэмпіянат імя Палухі, ігракі каманды збіраюць грошы на ўнёсак ўласнымі сіламі.

– Значыць, футбалісты каманды – не супрацоўнікі прадпрыемства «Дзіліс»?

– На сёння супрацоўнік кампаніі сярод нашых футбалістаў толькі адзін. Усе астатнія – проста хлопцы, якія вельмі любяць гэты від спорту, і многія з якіх з’яўляліся выхаванцамі Маладзечанскай ДзЮСШ-4. Касцяк каманды, як правіла, заўсёды адзін, але мы  рады бачыць новых моцных ігракоў.

– Атрымліваецца, захапленне футболам пачалося з ДзЮСШ №4?

– Так. Там пачаў займацца з пятага класа. Трэнерам у мяне быў Валеры Ветраў, які шмат мне даў, і шмат чаму навучыў. Між іншым, касцяк каманды таксама з’яўляецца выхаванцамі гэтага ж трэнера.

Магчыма, з-за гэтага ў нас атрымліваецца так зладжана гуляць і адчуваць адзін аднаго на пляцоўцы.

– Захапленне забірае шмат часу?

– Часу на футбол сыходзіць не так ужо шмат, як хацелася б. У нашым горадзе няма пляцовак, дзе можна трэніравацца. Раз на тыдзень сваю залу нам дае завод ЗЛМКА. Ну і плюс гульні.

– А як ставіцца да захаплення сям’я?

– З разуменнем. Жонка таксама захапляецца футболам і разам з дзецьмі прыходзіць падтрымаць каманду на гульнях.

– Каманда «Дзіліс» верыць у прыкметы? Можа, на гульні ўстаеце з лаўкі з левай нагі?

– У прыкметы мы не верым. Галоўнае для нас, каб кожны аддаваўся гульні цалкам, пакінуўшы ўсе свае перажыванні і непрыемнасці за футбольнай пляцоўкай.

 

• Текст доступен на языке: Русский