Гаспадыня музея выцінанкі ў Лоску запрашае наведнікаў і расказвае пра экспанаты.

Мастачка з Маладзечна Вольга зрабіла з вясковага дома сядзібу «Palunisa» і зладзіла таму музей выцінанкі. Як заўважае гаспадыня – першы і адзіны ў Беларусі. Ахвотныя могуць наведаць яго ў Лоску Валожынскага раёна.

Мы распыталіся творцу, што ў гэтым музеі можна рабіць і чым ён здзівіць наведнікаў.

Хто такая Вольга 

Сваякі Вольгі па маці з Мядзельшчыны, бацькі – з Вілейшчыны, а сама нарадзілася ў Маладзечне. Але калі прыехала ў Лоск упершыню, то жанчыну вельмі ўразілі краявіды, такую прыгажосць нячаста ўбачыш. Жанчына набыла тут летась дом. Восенню паставіла вокны і памяняла шыфер на частцы даху.

Праз нейкі час зразумела, што хоча зрабіць з гэтага месца музей выцінанкі. Але каб гэта быў не такі музей, па якім ходзіш і баішся дыхаць, а каб тут бруіла жыццё. Каб можна было абмяркоўваць экспанаты, збірацца на імпрэзы і вучыцца майстраваць нажніцамі самастойна.

Вольга – прафесійная мастачка. Вучылася ў Вікторыі Чырвонцавай, калі зорка беларускага выцінання вяла клас народнага мастацтва пры гарвыканкаме. Пасля паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Па першай адукацыі Бабурына рэстаўратар, а другая вышэйшая – «Выяўленчае мастацтва. Чарчэнне. Сусветная айчынная культура».

Як стваралі музей

Музей пакуль гатовы часткова. Вольга жыве тут пастаянна, таму музей адначасова з’яўляецца яе домам. Цяпер тут уладкавалі частку будынка, усё добраўпарадкаванне зрабілі за тры апошнія месяцы. Праца над сядзібай працягваецца – трэба давесці да ладу дах, добраўпарадкаваць пакоі, да якіх яшчэ не дайшоў рамонт.

– Спадзяюся, у гэтым годзе да мяне прыедзе многа турыстаў, і назбіраецца шмат грошай, каб адрамантаваць астатняе, – кажа Вольга.

Гаспадыня дадае, што цяпер яе сядзіба – адзіны музей выцінанкі на Беларусі:

– Дакладна ведаю, што ёсць музей папяровага выразання ў Пітсбургу, ЗША. Там ёсць гільдыя выразальшчыкаў з паперы – я сябра гэтай гільдыі, таму ведаю. У Даніі ёсць музей, дзе захоўваюцца выразкі Ганса Хрысціяна Андэрсена, ці ведалі вы, што ён выразаў? Наколькі ведаю, ёсць і ва Украіне. А ў Беларусі ёсць калекцыі выцінанак у некаторых музеях, у Маладзечанскім музкаледжы ёсць выдатны збор. Але музея, які быў бы цалкам прысвечаны выцінанцы, дагэтуль не было.

Выцінанкі робяць па ўсім свеце

Частка экспазіцыі музея – выцінанкі Вольгі. Ёсць самая першая выцінанка, якую ўспрыняла як мастацкі твор, 1995 года.

Адна з апошніх прац вызначаецца формай – «Смарагдавыя ваўчыцы». Гэта працяг экалагічнай тэндэнцыі ў працах мастачкі, калі яна бярэ матэрыял, які мог бы апынуцца на сметніцы, і рабіць з яго твор мастацтва. У гэтым выпадку базай стаў пластыкавы манекен, які выкідалі. Мастачка абляпіла яго пап’е-машэ і зверху наклеіла выцінанку, пакрыла лакам – вось адметны мастацкі твор.

Адзін з блокаў экспазіцыі – выцінаныя аклады, ці традыцыйнае аздабленне абразоў.

– 35 год займаюся выцінанкай і толькі нядаўна даведалася, што ў маёй маці быў абавязак – упрыгожваць абразы да свята, – расказвае гаспадыня. – Упрыгожвала папяровымі кветачкамі і выцінанкай. Часам этнаграфічныя факты ўсплываюць нечакана. Апошнія гады ўсплываюць такія звесткі пра выцінанку, якія робяць неактуальнымі навуковыя даследаванні яшчэ пяцігадовай даўніны.

Частка выставы прысвечаная выцінанкам беларускіх мастакоў. Напрыклад, творы Станіслава Муліцы ўяўляюць сабой традыцыйную заходнебеларускую выцінанку.

Ёсць працы Ніны Шурак – яна адрадзіла мастацтва выбіванкі, якое памятала з дзяцінства. У музеі размешчаная адна з яе апошніх прац. Вучаніца мастачкі Наталля Клінко вырабляе выцінанку завостранай адвёрткай – складваеш паперу, малюеш малюнак, а пасля выбіваеш.

З паперы адпаведнага памеру такім чынам выраблялі фіранкі.

З аднаго мясцовага дома засталіся ліштвы, Вольга збіраецца з іх зрабіць такі твор – вокны, аздобленыя папяровымі фіранкамі. Мясцовыя ліштвы звычайна гладкія і лаканічныя, толькі знізу або зверху невялічкі ўзор. Гэтая дэталь экстэр’еру таксама адметная для рознай мясцовасці і па стылі дарэчы выцінанцы.

Колеравыя рашэнні беларускіх выцінанак розныя ў залежнасці ад месца знаходжання аўтара. Некаторыя аўтары робяць выцінанкі з газеты. Напрыклад, Наталля Адзінец з Любаншчыны выразала з газеты і расфарбоўвала край. На адной з газетных выцінанак – імітацыі ручніка, узоры не выразаныя, а прабітыя гільзамі ад куляў.

Фіранкі на вокны рабілі на толькі з паперы. Калі была магчымасць – то і з тонкай тканіны. Каб край тканіны не сыпаўся, яго зафарбоўвалі, і фарба трымала ніткі, каб не сыпаліся. Такое рашэнне спадабалася, і сталі гэтак жа рабіць на паперы.

Чаму сустракаюцца выцінанкі з газетнай паперы, пытаемся ў мастачкі.

– Шмат традыцыйнага вынікае з абмежаваных умоў. Менавіта абмежаванне ўмоў выклікае развіццё. Калі я як мастак абмяжоўваю сябе ў тым, што выкарыстоўваю толькі нажніцы і паперу, гэта абумовіць спецыфіку стылізацыі. Тое, што можна выразаць нажом, нажніцамі, выразаецца па-іншаму, і ствараецца нешта іншае. Каб выразаць нажніцамі, трэба шмат разоў скласці паперу. Шматразовае складванне характэрнае для беларускіх выцінанак.

На Беларусі была як манахромная выцінанка, так і паліхромная. З матэрыялаў ужывалі паперу, тканіну, фольгу.

– У нас такая багатая культура, проста неверагодна! – зазначае Бабурына. – З-за пандэміі падарожнічаць па свеце не атрымліваецца, таму людзі даследуюць не ўшыр, а ўглыб. Падымаецца шмат формаў, у тым ліку традыцыйнага мастацтва.

У музеі ёсць драўляны гадзіннік Андрэя Мартынюка, стылізаваны пад выцінанку. А таксама бібліятэка – кнігі на тэму папяровага выразання, якія змагла адшукаць гаспадыня.

У блоку замежнай выцінанкі можна параўнаць стылі, колеры і тэмы твораў аўтараў розных краін. Украінская больш падобная на аплікацыю з розных элементаў. Ёсць твор польскай яўрэйкі, кітайскія, рускія працы. Можна па творы паспрабаваць адгадаць краіну, з якой паходзіць аўтар.

– Літоўская выцінанка з асаблівай лаканічнай эстэтыкай, далікатныя колеры, дасканалая кампазіцыя, – расказвае Вольга. – Яны мне асабліва падабаюцца.

Што вы не ведалі пра выцінанку

Аказваецца, з паперы выразалі амаль па ўсім свеце, але ў кожнай мясцовасці свае адметнасці.

– На Беларусі характэрнае шматразовае складванне, адсюль сіметрыя – люстраная, рапортная, цыклічная. Раней лічылася, што беларуская выцінанка манахромная. Але цяпер зразумела, што часта яна была паліхромнай. Заўважаная пэўная стылізацыя. Я характарызавала б яе не знешне, а па глыбіні. Наша выцінанка каранямі ідзе глыбока ў традыцыі.

У 70-80 выцінанка ледзь не знікла, заўважае Вольга:

– Былі адзінкавыя мастакі, якія ёй займаліся. Маладзечна – сталіца беларускай выцінанкі. Дзякуючы маладзечанскай школе, Вікторыі Чырвонцавай і Юрыю Герасіменку-Жызнеўскаму і той базе, якую яны ўклалі, выцінанка пачала развівацца. Зрабілі ўпор на моцны кантакт з традыцыяй. Можна дрэва зрэзаць і ўтыркнуць у зямлю – яно не прарасце. Калі ж у дрэва моцныя карані, то яно будзе развівацца і расці. У беларускай выцінанцы захавалі карані – глыбокія кантакты з традыцыяй. Калі мастацтва адраджалі, шмат увагі надавалі вывучэнню і даследаванню спадчыны.

Менавіта якасцю беларуская выцінанка зачароўвае і прыцягвае. Таму нярэдкія прыклады, калі беларускую выцінанку капіравалі замежнікі.

Што тычыцца колераў, то тут асаблівыя перавагі заўважыць няпроста:

– Для беларускай выцінанкі характэрныя колеры жыцця, – лічыць мастачка. – Выразалі з паперы, якая магла быць – белая, шэрая, з газеты і падфарбоўвалі самымі рознымі колерамі. Вось у кітайскай характэрная чырвоная выразка на белым фоне. У заходняй Беларусі нярэдка рабілі чорныя выцінанкі. Але выбраць некалькі абраных колераў нельга.

Магія выцінанкі

Мастак Станіслаў Муліца апублікаваў артыкул, дзе рабіў рэканструкцыю выцінаных карункаў, якімі аздаблялі труну. Ён памятае з дзяцінства такія пахаванні, іх яшчэ зафіксавалі на фотаздымках – тады фатаграфаваць пахаванні было модна. Яшчэ пасля разглядалі фотаздымкі – хто прыязджаў на пахаванне, хто з прысутных ужо памёр. Муліца прыгадваў, што заўжды разглядаў, якія ўзоры выкарыстоўвалі для ўпрыгажэння труны, як разглядаў іх дзіцем.

– Выцінанку выкарыстоўвалі не толькі для аздаблення жылля – у якасці фіранак або сурвэтак. У гэтым мастацтве закладзеная і сакральная функцыя – імі ўпрыгожвалі абразы, труну. Жанчына з суседняй вёскі расказала, што яе сваячка ўпрыгожвала выцінанкай прыдарожныя крыжы.

Такі догляд культавых рэчаў – гэта ўвага да боскай часцінкі ў сабе.

Здавалася б, выразалі разеткі з пэўным узорам – але не так усё проста.

– Адзін узор выкарыстоўвалі над люлькай, каб дзіця добра спала, іншы каб выздаравеў чалавек. Калі ісці глыбей, то адны з першых прыкладаў выразання з паперы на Беларусі мелі ахоўную функцыю. Напрыклад, адмыслова выразаны ўзор клалі пад пячатку. Бывалі маленькія, пяць на шэсць сантыметраў, а бывалі вялікія, напрыклад, 18 на 20. Такія прыклады дакладна былі, але ці засталіся ў музеях Беларусі, не ведаю.

Як стаць наведнікам

Музей выцінанкі «Palunisa» – гэта аграсядзіба. Музей будзе развівацца далей, цяпер яго наведванне бясплатнае.

Сёлета гаспадыня робіць першы папер-плэнер. Плануе праводзіць мерапрыемствы, майстар-класы. Напрыклад, у кастрычніку – тэатральныя варштаты.

У верасні плануецца ўрачыстае адкрыццё.

– Хачу, каб гэта быў жывы музей, падкрэслівае гаспадыня. – Каб наведаць, трэба скантактавацца са мной, каб я тут была.

Скантактавацца з Вольгай можна па нумары (8-033) 300-89-09.