Фота realbrest.by.

59-гадовая віляйчанка стала ахвярай махляроў, удзельнічаючы ў нібыта спецаперацыі следчых органаў. Для гэтага жанчыне давялося прыехаць у Маладзечна і аформіць спажывецкі крэдыт на буйную суму.

У мінулую суботу пацярпелай у вайбер патэлефанаваў невядомы мужчына, які прадставіўся следчым. Паводле яго слоў, нейкі грамадзянін спрабуе аформіць на яе імя крэдыт на суму 11 тысяч рублёў. Пры гэтым суразмоўца падкрэсліў, што сама гутарка павінна трымацца у сакрэце ад усіх членаў сям’і і знаёмых, маўляў, «следчая таямніца».

У адваротным выпадку, за разгалашэнне інфармацыі ёй пагражае штраф да 12 тысяч рублёў.

Далей гутарку з патэнцыйнай ахвярай працягнула дзяўчына, якая патлумачыла, што неабходна зрабіць, каб пазбегнуць фінансавых страт і дапамогчы следству. Нібыта для выкрыцця работнікаў банка, якія «зліваюць» дадзеныя аб кліентах, жанчыне прапаноўвалася звярнуцца ў банк і самой аформіць крэдыт, пры гэтым уважліва сачыць за паводзінамі спецыяліста. Пасля гэтага ілжэследчы «пераключыў» жанчыну на «службу бяспекі банка», дзе пацвердзілі неабходнасць дадзеных дзеянняў. «Спецаперацыя» была запланаваная на панядзелак.

Жыхарка Вілейкі паверыла і пачала выконваць інструкцыі: паехала ў названы банк у Маладзечне, дзе пад маркай рамонту кватэры аформіла крэдыт на суму 7 660 рублёў. Гэтыя грошы былі пералічаныя на карту, выдадзеную ёй у фінансавай установе. Затым па парадзе махляроў жанчына назвала свой ідэнтыфікацыйны нумар, устанавіла на смартфон спецыяльны дадатак AnyDesk і паведаміла пароль. Неўзабаве на яе тэлефон сталі паступаць смс-паведамленні аб спісанні грошай. Спалоханую кліентку запэўнілі, што ўсё пад кантролем, атрымалася вылічыць злачынцаў, а спісаную суму абавязкова вернуць на рахунак.

Да наступнага банка жанчына не дайшла – своечасова спыніла дачка, растлумачыўшы, што тая стала ахвярай аферыстаў. Цяпер спецыялісты высвятляюць усе акалічнасці здарэння.

Па дадзеным факце Маладзечанскі РАСК пачаў крымінальную справу па частцы 3, артыкула 212 (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі, у буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчыя дапыталі пацярпелую, агледзелі мабільны тэлефон, зафіксавалі інфармацыю ў ім, накіраваны запыты ў банкаўскія ўстановы. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

• Текст доступен на языке: Русский