На пляцоўцы - «Dilis» і «Маладзёжка». Фота забяспечанае арганізатарамі Чэмпіянату.

Вынікі гульняў мінулых тураў 15 Чэмпіянату па міні-футболе памяці Мікалая Палухі не вельмі цешаць каманду «Маладзёжка». І ўсё ж футбалісты не трацяць надзеі выйсці ў плэй-оф. Пра гэта, а таксама пра сёлетнія спаборніцтвы мы пагутарылі з капітанам каманды Ігарам Коханам. 

– Што скажаце пра вынікі апошняга тура?

– Гулялі з лідарам, камандай «Dilis». У першым тайме глядзеліся нядрэнна. У другім пасыпаліся. Вынік – 6:1 на карысць саперніка.

– А як, увогуле, уражанні пра Чэмпіянат?

– Чэмпіянат вельмі добры. Заўсёды прыемныя ўражанні, заўсёды цікава гуляць. За гэта хочацца падзякаваць арганізатарам.

На Чэмпіянаце збіраюцца самыя моцныя каманды-аматары.

Асаблівых дасягненняў у нас пакуль не было, але мы стараемся, удзельнічаем. Гуляем не першы год. Пра гэтыя спаборніцтвы даведаўся некалькі год таму, ад свайго сябра, капітана каманды «Old School» Сашы Варэнікава.

– Вы асабіста даўно ў футболе?

– Так. Гуляю гадоў з сямі. Займаўся ў спартыўнай школе ў Анатоля Ішчанкі і Аляксандра Гармазы. Гадоў пяць не гуляў па сямейных абставінах. Пасля, у 2016, утварылася каманда. Я якраз прыйшоў з войска, і мой сябар Саша Масевіч запрасіў мяне гуляць у «Маладзёжку».

– Вашыя «калегі» ў ранейшых інтэрв’ю адзначалі, што ў Маладзечне ёсць праблема з месцам для трэніровак. Вы яе адчуваеце?

– Так. Праблема сапраўды ёсць. Пяць год кожны аўторак мы ведалі, чым будзем займацца – трэніраваліся ў зале ЗЛМК. А цяпер, кажуць, такой магчымасці не будзе. Летам прасцей: трэніруемся на пляцоўцы каля лядовага палаца.

– Якія спадзяванні на далейшую гульню?

– Хацелая б трапіць у плэй-оф. У наступных турах падцягнуцца хлопцы, якія не маглі гуляць раней. Спадзяюся, усё атрымаецца.