Яна Багдановіч падчас выступлення. Фота smorgon.by.

10 верасня ў Мінску зладзяць Фінал 12 Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2021». За тытул разам з іншымі дзяўчатамі будзе змагацца смаргонка Яна Багдановіч.

Пасля заканчэння Маладзечанскага музкаледжа імя Агінскага Яна працуе на роднай Смаргоншчыне – у Сольскай дзіцячай школе мастацтваў. Тут яна вучыць дзяцей іграць на балалайцы. Завочна вучыцца ў БДПУ імя Танка.

Пра падрыхтоўку да конкурсу, працу ў музыцы, вучобу і родныя мясціны мы пагутарылі з Янай у перапынках паміж рэпетыцыямі. Бо цяпер дзяўчына ў Мінску рыхтуецца да фіналу.

– Ніколі не думала, што будзе магчымасць паўдзельнічаць у фінале «Міс Беларусь-2021», не хавае эмоцый Яна. – Канешне, я вельмі рада.

Яна з дзяцінства танцуе і спявае, іграе на гітары і балалайцы. Паўгода таму прафесійна стала займацца фотаздымкай, што таксама вельмі падабаецца. У падобным конкурсе ўдзельнічае ўпершыню:

– Неяк з дзяцінства я была акружаная добрымі словамі, кампліментамі ў мой бок ад родных, блізкіх і зусім незнаёмых людзей. Са школы я ўсё часцей і часцей чула: «Яна, табе трэба спрабаваць сябе ў мадэльнай галіне. У цябе ўсё для гэтага ёсць!». Я не ўспрымала гэтыя словы ўсур’ёз. Проста радавалася кампліментам. Пасля пачала задумвацца: можа, і праўда паспрабаваць паўдзельнічаць. Яшчэ штуршок для майго ўдзелу падаў любімы калектыў  Сольскай дзіцячай школы мастацтваў, за што я ім вельмі ўдзячная.

З вучнямі.

Удзел пачаўся з кастынгу ў Смаргоні. Тут на абласны этап Яна трапіла разам з дзвюма дзяўчатамі. Удзел у кастынгу ў лютым у Гродне пакінуў прыемныя эмоцыі.

– Адразу ўбачыла, як мая ігра на балалайцы здзівіла журы, – прыгадвае Яна.

У Гродне смаргонка прайшла адборачны тур, пасля трапіла ў топ-100, пасля – у топ-29.

Па словах Яны, у апошнія тыдні ідзе напружаная падрыхтоўка да фіналу:

– На мінулым тыдні ў нас была фотасесія. З намі працавалі лепшыя візажысты, цырульнікі. Старанна рыхтаваліся да здымак у сукенках і купальніку. Усе дзяўчынкі сталі яшчэ прыгажэйшымі. Здымачная група можа прыехаць у любы дзень без папярэджання, таму трэба з сабой заўсёды мець невялікі набор касметыкі і некалькі ўбораў.

Па прыездзе ўдзельніцам выдалі расклад на кожны дзень. З раніцы – сняданак, затым рэпетыцыя дэфіле, харэаграфія, пасля –  абед, затым зноў рэпетыцыі. Але так не кожны дзень. Таксама для ўдзельніц ладзяць экскурсіі і паездкі. Усё вельмі цікава, кажа суразмоўца.

Любімая праца.

На пытанні пра дыеты і здаровы лад жыцця адказ у Яны наступны:

-З фігурай у мяне праблем ніколі не было. У мяне ёсць дзве цудоўныя старэйшыя сястры. Генетыка ў нас добрая, усё стройныя, прыгожыя.

На дыетах не сядзела, але люблю прытрымлівацца правільнага харчавання, таму што гэта наша здароўе.

Суразмоўца прызнаецца: прафесія музыканта дапамагае ў конкурсе. У Яны добры слых, яна з задавальненнем танцуе і любіць сцэну. Перад выступленнем крыху бывае хваляванне, але на сцэне яно знікае.

А яшчэ ў размове дзяўчына прыгадала родную Смаргонь і месца вучобы – Маладзечна:

– Вельмі люблю сваю невялікую, але цёплую, утульную і музычную Смаргонь. Я тут нарадзілася, вучылася ў школе і жыву, працую і выступаю.

Пра Маладзечна і каледж таксама яркія ўспаміны. У мяне быў самы лепшы выкладчык па спецыяльнасці – Мікалай Фёдаравіч Шкет. Заўсёды казала сваім блізкім, што менавіта ў гэтым каледжы я б вучылася заўсёды, калі б так было магчыма.

Мне падабалася атмасфера, выкладчыкі, аднагрупнікі. Тут іграла ў аркестры рускіх народных інструментаў на балалайцы, а на чацвёртым курсе – на ўдарных ужо ў аркестры беларускіх народных інструментаў. Уражанняў шмат добрых і светлых.

Фотаздымкі забяспечаныя Янай Багдановіч.