Былога смаргонскага настаўніка пакаралі 1 годам і 6 месяцамі калоніі – на ўроку ён паказаў фільм з лагатыпам, які быў прызнаны экстрэмісцкім. Аб гэтым паведамляе незарэгістраваная праваабарончая арганізацыя “Вясна”.

25 жніўня суд Смаргонскага раёна прысудзіў былому настаўніку гісторыі і грамадазнаўства Андрэю Пятроўскаму 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Пятроўскага судзілі па частцы 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэкса “Паклёп”.

Па матэрыялах справы ў сакавіку настаўнік паказаў вучням на ўроку грамадазнаўства ролік, у якім фігураваў лагатып, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Следства палічыла, што ў самім відэароліку ёсць паклёп на прэзідэнта Беларусі.