На месцы здарэння. Фота забяспечанае Дыянай Галуза.

Сёння, 25 жніўня, ў Маладзечне ў аварыю трапіў аўтамабіль «ГАЗ» і 82-гадовы раварыст.

– Каля 9.50 34-гадовы маладзечанец на аўтамабілі «ГАЗ» ехаў па Вялікім Гасцінцы ў кірунку Шостага мікрараёна. Ён наблізіўся да скрыжавання Вялікага Гасцінца з вуліцай Міру і пачаў паварочваць направа. Тут наехаў на 82-гадовага раварыста-маладзечанца, – расказала карэспандэнту інспектар па адміністрацыйнай практыцы АДАІ Маладзечанскага РАУС Дыяна Галуза.

Па яе словах, раварысту медыкі аказалі дапамогу на месцы і адпусцілі дадому. Матэрыялы ДТЗ – на праверцы ў ДАІ.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што раварыст для сваёй бяспекі павінен ехаць па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па узбочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за адзін метр ад яе правага краю.