Пра падрабязнасці здарэння карэспандэнту расказаў намеснік начальніка Вілейскага РАУС Мікалай Мягкоў.

– 23 жніўня каля 11.00 у міліцыю звярнуўся аператар АЗС №14, што ў вёсцы Сосенка. Паведамілі, што з памяшкання запраўкі знікла скрыня з грашыма на дабрачыннасць. Міліцыянерам, якія прыехалі на месца, работнікі АЗС расказалі, што пры ўваходзе на запраўку доўгі час стаяла скрыня для ахвяраванняў. Яна належала цэнтру дапамогі «Вера». Прадстаўнікі цэнтра перыядычна прыязджалі на АЗС і забіралі ахвяраванні. 21 жніўня работнікі запраўкі заўважылі, што скрыні няма. Адразу падумалі, што яе забралі прадстаўнікі цэнтра. Аднак даведаліся, што скрыню яны не забіралі, – расказаў Мікалай Мягкоў.

Пры праглядзе відэа з камер назірання міліцыянеры заўважылі, што 21 жніўня каля 17.15 скрыню вынес мужчына, які заходзіў за пакупкамі. Фігуранта пазналі. Ім аказаўся жыхар Вілейшчыны, раней судзімы. У скрадзенай скрыні было каля 120 рублёў.

У адносінах да фігуранта склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне. Яму пагражае штраф або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.

• Текст доступен на языке: Русский