Пра здарэнне міліцыі стала вядома ад медыкаў хуткай дапамогі: з траўмамі галавы 79-гадовую пенсіянерку даставілі ў бальніцу. Пажылая жанчына распавяла, што ўдарыў яе сын.

У Гарадку, на Маладзечаншчыне, пенсіянерка жыве разам са сваім 53-гадовым сынам. Па наяўнай інфармацыі, у той дзень мужчына прыйшоў дадому не цвярозы. Маці стала сварыцца на яго на разгульны лад жыцця, пачаўся скандал. Жанчына асуджала сына за тое, што ён, вярнуўшыся з ЛПП, не спрабаваў наладзіць нармальнае жыццё і ўладкавацца на працу. Не вытрымаўшы крытыкі ў свой адрас, мужчына некалькі разоў ударыў састарэлую маці па галаве.

Па словах пацярпелай, з раны на галаве пацякла кроў. Жанчыне ўдалося збегчы і звярнуцца па дапамогу да суседкі, якая аказала першую неабходную дапамогу і выклікала брыгаду медыкаў. Спецыялісты агледзелі пенсіянерку і высветлілі, што адбылося. Пра цялесныя пашкоджанні жанчыны ад збіцця ўласнага сына паведамілі ў міліцыю. У пацярпелай дыягнаставалі рану галавы і падскурную гематому.

Састарэлая маці не хоча за гэты ўчынак прыцягваць сына да адказнасці. Аднак канфлікт паміж імі быў далёка не першым, раней жанчына ўжо звярталася па дапамогу ў міліцыю.

Па матэрыялах праверкі РАУС пракуратура Маладзечанскага раёна пачала крымінальную справу па артыкуле 153 КК Рэспублікі Беларусь «Наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання». Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне – грамадскія работы або штрафу, або папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года, або арышт. Прымірыцца бакам у судзе па ўзбуджанай пракурорам крымінальнай справе ўжо не атрымаецца.