Ад сярэдзіны жніўня вяскоўцам у Ільі робяць ультрагукавое даследаванне. Фота забяспечанае Вілейскай ЦРБ.

Ад сярэдзіны жніўня ў Ільянскай амбулаторыі працуе новы апарат ультрагукавога даследавання.

Пакуль у пэўныя дні тыдня ў Ілью для правядзення працэдуры прыязджае доктар з Вілейкі.

Але ў перспектыве плануюць, што праводзіць даследаванне зможа ільянскі спецыяліст пасля курсаў павышэння кваліфікацыі.

– Апарат партатыўны, перанасны. Гэта вельмі зручна. З такім апаратам спецыяліст можа выязджаць і ў суседнія вёскі, і на дом да хворага. Плануем выязджаць  таксама ў школы і там праводзіць ультрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы ў дзяцей, бо ў Ільянскім сельсавеце ёсць вёскі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, – тлумачыць доктар ультрагукавой дыягностыкі Вілейскай ЦРБ Надзея Генадзьеўна Клямяціч.

З дапамогай новага апарата па паказаннях доктара можна праводзіць ультрагукавое даследаванне брушной поласці, шчытападобнай і малочнай залозы, нырак, органаў малога таза і сасудаў.

У Вілейскай ЦРБ адзначаюць: новы апапат зробіць больш даступнай медыцынскую дапамогу для вяскоўцаў.

Дарэчы, набылі сучаснае абсталяванне дзякуючы спонсарскай дапамозе.

• Текст доступен на языке: Русский