"Беразінцы" гуляюць з "Металугам". Фота забяспечанае героем публікацыі.

Не першы год у 15 летнім Чэмпіянаце па міні-футболе імя Мікалая Палухі ў Маладзечне гуляе каманда «Беразінцы». Пра сёлетнія спаборніцтвы, каманду і футбол мы пагутарылі з капітанам Андрэем Марцінкевічам.

– Што скажаце пра вынікі гульні для каманды пасля пяці тураў?

– Вынікі нядрэнныя. Рэжа вока толькі параза ад «Dilis» 1:9. Тады якраз былі праблемы са складам каманды. Ды і гулялі, мякка кажучы, не вельмі.

– Няўжо ў складзе каманды ўсе беразінцы?

– Толькі тры «легіянеры». І нават яны – гэта людзі, якіх нешта звязвае з Беразінскім. Напрыклад, двое з іх скончылі мясцовы ліцэй.

На гэтым турніры стараемся гуляць толькі са сваімі хлопцамі. Сёлета, дарэчы, амаладзілі склад. Падцягваем падрастаючае пакаленне.

– Дзе знаходзіце магчымасці трэніравацца?

– Трэніруемся кожную нядзелю на стадыёне ў Беразінскім. Свамі сіламі яго косім і прыбіраем.

Дзень і месца трэніроўкі не мяняецца, напэўна, ужо больш за 30 год: нядзеля, 13.00.

Часам прыходзіць па 18 чалавек! Гэта вельмі шмат для невялікага пасёлка. Многія ўжо тут не жывуць, але на выхадныя прыязджаюць да бацькоў і, канешне, на футбол. Так раблю і я. Прыклад моладзі падаюць ветэраны. Дзякуючы ім маладыя людзі ходзяць сюды.

Напрыклад, са мной і сёння гуляюць мае школьныя настаўнікі Леанід Іванавіч Лявончык і Уладзімір Сяргеевіч Горскі. Яны малайцы! Перадаю ім прывітанне і жадаю моцнага здароўя.

Футбол у Беразінскім жыў, жыве і будзе жыць.

– А як самі прыйшлі ў футбол?

– Былі секцыі ў школе. Першы трэнер – Канстанцін Станкевіч. Ужо пасля восьмага класа пачаў хадзіць на трэніроўкі з дарослымі. Вось і ўсё.

– У прыкметы ваша каманда верыць?

– Не. Галоўнае, ісці на гульню з добрым настроем і разумець, што ты гуляеш не толькі за сябе, але і за ўсю каманду.

– І якія спадзяванні на Чэмпіянат?

– Задачы ставім толькі самыя высокія. Мы ўжо пару год запар выходзілі ў фінал.