З вучнямі ў школе №1 у Вілейцы.

Апошнія дні жніўня для віляйчанкі, настаўніцы англійскай мовы Валянціны Бохан заўсёды былі поўныя клопату: надрукаваць безліч дакументаў, раскласці ў папкі, падрыхтаваць да новага навучальнага года клас, напісаць планы…

Сёння спраў таксама хапае. На ўласным падворку растуць агуркі і спеюць памідоры, клопату бабулі чакаюць унукі. А яшчэ спадарыня Валянціна вяжа цёплыя шалікі і чытае любімыя кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Ужо некалькі год мая суразмоўца на пенсіі. Перад чарговым навучальным годам мы пагутарылі са спадарыняй Валянцінай пра яе настаўніцкае мінулае, пра англійскую і беларускую мову, патрыятычнае выхаванне і даведаліся пра яе погляды на сучасную школьную адукацыю.

Хацела быць толькі настаўніцай. Іншых варыянтаў не разглядала

– Я заўсёды вельмі любіла вілейскую школу №3, дзе вучылася. Любіла часам нават больш, чым сям’ю. Фізіку і алгебру не вельмі разумела. Англійская мова давалася лёгка. Школьніцай паспяхова выступала на раённых і абласных алімпіядах. Таму іншых варыянтаў для паступлення не разглядала. Толькі Інстытут замежных моў (сёння лінгвістычны ўніверсітэт). Сюды і паступіла ў 1973 годзе.

Бацькі мой выбар падтрымалі. Настаўніца! Ды замежнай мовы! Ого! Да таго ж там вучылася старэйшая сястра.

Паступаць і вучыцца было лёгка. Крыху цяжэй ішла другая замежная мова – французская. Былі, канешне, і непатрэбныя прадметы – атэізм, гісторыя КПСС.

Першы настаўніцкі досвед. Англійская мова, гісторыя і фізкультура

– У 1978 годзе, пасля заканчэння інстытута, мяне накіравалі на Гродзеншчыну, у Іўеўскі раён, у вёску Навасёлкі. Там крыху набралася досведу. Выкладала англійскую мову, фізкультуру і гісторыю.

Першыя дні працы ўспамінаюцца цёпла. Адразу мяне адправілі ў вялікую школу ў Ліпнішкі, а пасля прыехаў дырэктар Навасёлкаўскай школы і забраў мяне да сябе.

Васьмігадовая школа, дзяцей мала. Па пяць-шэсць чалавек у класе. Вёсачка маленькая. Усе – як адна сям’я.  Дзеці мяне слухаліся.

Тыя першыя гады працы былі не вельмі лёгкімі. Не ведала, як з дзецьмі: ці на  іх крычаць, ці іх цалаваць. Магчыма, і ўрокі мае былі не заўсёды цікавыя. У вёсцы той, дзе я працавала, было нічога не купіць, каб нешта намаляваць да ўрока, зрабіць дыдактычны матэрыял. Гэта цяпер – пайшоў у салон друку, там табе і намалююць, і напішуць, што хочаш.

Цікава: хоць вёсачка была маленькая, вучні размаўлялі па-руску. Праўда, быў дыялект.

Казалі: «У меня домашнее задание ест». Або: «Я не хочу учиться: сила ест, ума не надо».

Ад школы да аўтобуса было шэсць кіламетраў пешшу па лесе. І я хадзіла, напрыклад, калі трэба было ехаць на метадычнае аб’яднанне. Баялася, але што ж было рабіць?

А цяпер заўважаю, што не хочуць маладыя спецыялісты ў вёсках працаваць. Усе імкнуцца ў Мінск. І нават Вілейка – для іх не горад.

З малымі трэба было пець і танцаваць, таму больш любіла працаваць з вялікімі дзецьмі

У пачатку 1980-х вярнулася дамоў, у Вілейку. Працавала ў шостым і дзявятым садках выхавальніцай. Каб не забыць англійскую мову, папрасіла гурток. Бацькі былі зацікаўленыя, англійская ўжо тады станавілася запатрабаванай.

З маленькімі дзеткамі цікава, але з імі трэба пляскаць у далоні, спяваць і танцаваць. Таму я заўсёды больш любіла працаваць са старэйшымі.

І школа пасля садка стала вялікім задавальненнем. 15 год настаўнічала  першай школе і тры гады ў трэцяй. Усяго ж стажу ў педагогіцы – больш за трыццаць год.

Калегі з першай школы – і сёння перад вачыма

Першая школа ў Вілейцы была лепшай для мяне. Так, магчыма, не па ведах і алімпіядах. Але школай кіраваў выдатны дырэктар Святаслаў Клямячыц. Пры ім была цудоўная атмасфера. А якія педагогі працавалі! І сёння ўсе яны стаяць перад вачыма: намеснікі Тамара Царык і Галіна Капцюг, настаўнікі-прадметнікі Зінаіда Галавенка, вядомы на ўсю Вілейку баяніст, фізік Уладзімір Навуменкаў, Святлана Чабатар, Ганна Іванова, Ларыса Жамойдзіна, Уладзімір Палубятка, Віктар Валынец, сям’я Рыбаковых.

З калегамі з першай школы. Валянціна Бохан – першая злева.

Усе святы мы адзначалі разам:  і Новы год, і Восьмага сакавіка, і канец, і пачатак, навучальнага года, і дні нараджэння.

Дзеці вялікай кампаніяй маглі забегчы ў настаўніцкую, сабрацца вакол настаўнікаў, нешта тут жа абмеркаваць, прапанаваць.

Не было такога, што кожны сам па сабе. Калі прыйшоў новы дырэктар, атмасфера стала зусім іншай. І я звольнілася. Але цяперашнія вучні першай школы заўсёды прыходзяць да мяне, віншуюць з Днём настаўніка, Восьмым сакавіка, Першым верасня, запрашаюць на святочныя канцэрты. Добра, што ёсць такая традыцыя.

Пасля першай школы тры гады адпрацавала ў сярэдняй школе №3. Тут цудоўны дырэктар Мікалай Гіро. Але такіх цёплых узаемаадносін, як былі ў першай школе, з калегамі не склалася.

Як мяняюцца вучні

– У канцы 1970-х мае першыя вучні ў вёсцы на Гродзеншчыне сядзелі, як цвічкі, бо прыйшоў у клас настаўнік. Адны вучыліся, другія не вельмі. Але дысцыпліну выконвалі. Адчувалася розніца паміж мной і вучнямі і ў знешнім выглядзе, і ў паводзінах. Цяпер такой розніцы часта няма.

Я не за тое, каб дзіця сядзела за партай, роўненька, склаўшы рукі. Хай сядзіць, як зручна. Галоўнае, каб не замінала праводзіць урок.

Цяпер я не выкладаю. Але ведаю, што настаўнікам з дзецьмі не заўсёды проста. Часам педагога зусім не паважаюць ні дзеці, ні бацькі. Вучні ведаюць шмат пра свае правы, але не пра абавязкі.

Пра паперы, працэнты, макулатуру, маталалом, праверку халадзільнікаў

– Шмат педагог Яўген Лівянт пісаў у інтэрнэце пра тое, што настаўнік загружаны іншай працай, акрамя непасрэдна настаўніцкай. Так, папер невядома колькі. А асабліва, у класнага кіраўніка. Па кожным прадмеце, на кожнае дзіця трэба было палічыць працэнт паспяховасці. А яшчэ – здаваць  макулатуру, шкло, металалом, спрыяць таму, каб больш дзяцей харчаваліся ў школьнай сталовай. Ад гэтага ўсяго залежала настаўніцкая прэмія.

Яшчэ павінны былі хадзіць па дамах, перапісваць дзяцей, наведваць сваіх вучняў, глядзець, як яны жывуць. Бацькі заўсёды мяне прымалі, часам нават прапаноўвалі чай з печывам.

Ніхто не спытаў: «А чаго вы сюды прыйшлі правяраць мой халадзільнік?»

Але я падчас такіх візітаў заўсёды адчувала сябе няёмка.

Дзеля чаго варта ісці працаваць у школу

– З прыемнасцю ўспамінаю свой любімы клас у школе №1 у Вілейцы. Мы з імі былі з першага па адзінаццаты. У іх быў павышаны ўзровень, таму англійскую вывучалі з дзіцячага садка.

Да нас ніхто ў школе не ставіў канцэрты на англійскай мове. А мы такія песні вучылі! Спявалі «Бітлз», ставілі казкі на англійскай мове ў вершаванай форме. Дзеці самі разам з бацькамі зрабілі касцюмы, дэкарацыі, хоць я нічога не казала. Са сваёй казкай мы хадзілі па ўсіх класах. Дзеці глядзелі з цікавасцю.

Той самы любімы клас.

А неяк зладзілі канцэрт. Запрасілі ўсіх ахвотных на «чардачок». Так называлі ў першай школе актавую залу. Адразу прыйшло чалавек пяць-дзесяць, пачалі пытацца, што тут. А пасля як набілася народу! А мае вучні спявалі геаграфічны рэп па-англійску. Гледачы пляскалі ў далоні, прасілі выканаць яшчэ і яшчэ.

У выніку мае артысты праспявалі рэп на біс чатыры разы. Вось дзеля гэтага і варта ісці працаваць у школу.

Пра любімчыкаў у кожным класе

Любімчыкі ў мяне былі заўсёды ў кожным класе. Але чамусьці толькі хлопчыкі. І цяпер іх усіх памятаю: Жэня Нямковіч, Саша Сыракваш, Кірыл Лабай, Ігар Дубовік, Саша Ткачэнка, Віталь Сыракваш, Дзіма Сыракваш, Дзіма Новаш, Жэня Івашкевіч, Саша Кірсанаў, Саша Кісель.

Пра нечаканы падарунак ад былога вучня

– У аднаго з маіх вучняў цяпер у Вілейцы будаўнічы магазін. Я неяк зайшла туды, пагаварыла з ім, даведалася, колькі каштуе тое-сёе з будаўнічых матэрыялаў. Ён спытаў: «Вам гэта трэба?». Я сказала, што трэба, і пайшла дамоў.

Вечарам прыязджае гэты хлопец і прывозіць мне будматэрыялы: «Гэта вам!». А я кажу: «Ты што, гэта ж так дорага!». А ён: «Дзякуй вам. Вы такая настаўніца была добрая. Я так англійскую мову любіў».

Я думаю, што ж мне рабіць? Паляцела на агарод, букет руж нарэзала, каб жонцы падарыў. Так мне прыемна было…

Ці хочацца ў школу цяпер?

– З аднаго боку хочацца. А з другога, думаю, што мне ўжо было б не так цікава на ўроках. Я прывыкла з кнігай працаваць, а цяпер больш інтэрнэт, тэлефоны. Ды і дзеці няпростыя.

Пра тое, што абурае ў сучаснай школьнай адукацыі

– Асабіста я і многія мае калегі абураюцца, што ў школе больш не будуць чытаць творы Святланы Алексіевіч. А яшчэ балюча тое, што на дзяржаўным узроўні так мала робіцца для паляпшэння стану беларускай мовы. Аляксандр Лукашэнка казаў, што гэта трэба рабіць асцярожна, паступова. Але ж амаль 30 год прайшло, а мы ўсё на адным месцы топчамся.

Пра патрыятычнае выхаванне. Галоўнае – гаварыць вучням праўду

– У нас некалі быў педсавет на тэму «Выхаванне патрыятызму на ўроках». Падаецца, якое патрыятычнае выхаванне можа быць на матэматыцы? Але кожны настаўнік павінен быў выступіць і напісаць, што канкрэтна робіць у гэтым кірунку.

А я лічу, што галоўнае для настаўніка – казаць праўду вучням. Можа, нехта лічыць патрыятызмам расказваць на ўроку пра тое,  як добра жыць у Беларусі.

Але ж хіба дзеці не бачаць, што ў бацькоў маленькія заробкі, а людзі з’язджаюць адсюль?

Фотаздымкі з архіва Валянціны Бохан.

• Текст доступен на языке: Русский