1 верасня мы папрасілі маладзечанцаў і вілейчукоў прыгадаць той самы «першы раз – у першы клас». І вось якія гісторыі пачулі.

Дзяіс Канецкі. Фота “РГ”.

Дзяніс Канецкі, Вілейка: Толькі кветкі і запомніў

– Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Мой першы дзень ведаў быў даўно. Адзінае, што памятаю, – вялізны букет гладыёлусаў. На той час, магчыма, самыя прыгожыя кветкі. І мой тата фатаграфаваў нас, дзяцей, каля пад’езда. Вось і ўсё, што запомнілася ў гэты дзень.

Ларыса Язневч. Фота з сацсетак.

Ларыса Язневіч, Маладзечна: Хацела быць лепшай вучаніцай. І ў мяне атрымалася

– 1985 год. Сёмая школа ў Маладзечне. Тут вучыцца мая старэйшая сястра. Вялікі букет гладыёлусаў, шмат людзей навокал, радасць і хваляванне. Вось якая я дарослая! Буду тут вучыцца і стану самай лепшай вучаніцай. І сапраўды, была ў школе адной з лепшых. Перамагала ў алімпіядах і атрымала атэстат з адзнакай. Усё здзейснілася.

Ларыса Сапач. Фота facebook.com.

Ларыса Сапач, Маладзечна: Не памятаю. Во якая!

– Першы раз у першы клас, як ні дзіўна, не памятаю. Во якая! А вось апошні званок запомніла: на ім не плакала, а радавалася.

Вольга Шостак на ўзнагароджанні. Фота Настассі Уткінай.

Вольга Шостак, Вілейка: У той дзень збылася мая мара

– Мне вельмі хацелася ў школу. Бацькі мае працавалі там настаўнікамі, але я заўсёды трымала з імі дыстанцыю і называла толькі па імені і імені па-бацьку.

1 верасня запомнілася агульная лінейка ў школьным утульным двары Касцяневіцкай сярэдняй школы. Непадалёк старэйшая сястра, якая ішла ў дзявяты клас. У класе нас было мала – усяго сем дзяцей. І вучыліся мы разам з яшчэ адным класам – трэцім. Першая настаўніца была сур’ёзная. Настрой ва ўсіх быў узняты. Мая аднакласніца праехалася на плячы дзесяцікласніка і празваніла першы званок. Так хацелася вучыцца. У той дзень збылася мая мара – я пайшла ў школу!

Тамара Бунта падчас працы галоўным рэдактарам часопіса «Алеся». Фота з сацсетак.

Тамара Бунта, ураджэнка Маладзечна: З аднакласнікам жыву ў шлюбе больш за сорак год

– Святочны настрой, мора людзей на двары школы № 3 у Маладзечне, урачыстая лінейка, белы фартух і белы капронавы бант на галаве, велізарны букет вяргіняў у руках, светлы клас і свежапафарбаваныя парты, у якіх адкідваецца вечка, незнаёмыя дзяўчынкі і хлопчыкі, з якімі мы будзем вучыцца разам бліжэйшыя дзесяць гадоў… І прадчуванне чагосьці новага, важнага ў жыцці. Мне вельмі хацелася хадзіць у школу: каб хутчэй стаць больш дарослай, разумнай – я расла самай меншай у сям’і і цягнулася за старэйшымі сястрой і братам.

Нашу настаўніцу звалі Ганна Цімафееўна Белая. Мы ганарыліся, што яна – франтавічка, ваявала падчас Другой сусветнай. Яна была для мяне найвялікшым аўтарытэтам. Нават больш за маму, што тычылася ўрокаў. Цяпер смешна ўзгадваць: калі я дома рабіла хатняе заданне – пісала там нейкія літары, а ў мяне штосьці не атрымлівалася і мама старалася мне дапамагчы, я пярэчыла: «Не, не так! Наша Ганнна Цімафееўна не так паказвала!». А мая мама, між іншым, таксама была настаўніцай пачатковых класаў.

Я вельмі любіла сваю школу, яна засталася для мяне светлым, сонечным усмпамінам… Аднакласнікаў люблю, як родных людзей. З адным з іх жыву разам у шлюбе ўжо больш за сорак гадоў.

• Текст доступен на языке: Русский