Вадзім Гісіч са сваёй камандай двойчы перамагаў у Чэмпіянаце імя Мікалая Палухі. Фота забяспечанае арганізатарамі.

– Вадзім – адзіны ігрок са складу, які выйграваў з камандай два чэмпіянаты  – 2014 і 2020-м. З усіх ён адзін гуляе больш за сем год у камандзе, якая існуе ад 2007 года. І гэтая каманда адзіная ўдзельнічала ва ўсіх 15 чэмпіянатах. І на сёння гэта рэкорд – больш ніхто не ўдзельнічаў столькі, – так ахарактарызавалі Вадзіма Гісіча і яго футбольную каманду «ІВА» арганізатары сёлетняга Чэмпіянату па міні-футболе імя Мікалая Палухі.

А цяпер слова самому Вадзіму Гісічу.

– Перш за ўсё, летні Чэмпіянат імя Палухі мы выкарыстоўваем як магчымасць набраць форму да Чэмпіянату Маладзечна па міні-футболе (ЧММФ), але і задачу перамагаць ніхто не адмяняў. Пакуль вынікі жадаюць лепшага, бо прайгралі дзве гульні з шасці, – расказаў пра вынікі каманды Вадзім.

У камандзе ён гуляе даўно і кажа, што назва «ІВА» настолькі сышла каранямі ў мінулае, што не адзін ігрок не ведае адкуль яно пайшло.

– Цяпер упор у камандзе робіцца на супрацоўнікаў МНС, – адзначае суразмоўца. – Таму ў назве з’явіўся дадатак – «МНС-ІВА».

– Вы жывеце ў Смаргоні, а гуляеце ў Маладзечне. Параўнайце ўмовы для футбалістаў у гэтых гарадах.

– Так, я сам са Смаргоні, там і трэніруюся. У адрозненні ад Маладзечна, у нас вялікае штучнае поле, на якім можна бясплатна трэніравацца ў любы час.

– На захапленне футболам ідзе шмат часу?

– Так. Дарога са Смаргоні, гульні займаюць час. Але сям’я стараецца ставіцца з разуменнем.

– Якія ўражанні ад Чэмпіянту імя Палухі?

– Гэты турнір доўгі час быў самым прэстыжным у горадзе. Цяпер, напэўна, гэта ЧММФ. Але перамога ў гэтым турніры не стала менш прэстыжнай, бо вызначаецца наймацнейшы не толькі ў горадзе, а ў цэлым рэгіёне. Пра гэта кажа склад удзельнікаў. Вядома, канкурэнцыя вялікая, шмат моцных, маладых і амбіцыйных каманд.

Але такая самабытная каманда як «ІВА», акрамя як перамагчы, задач перад сабой не ставіць.