Жнівень 1938 года. Вілейчукі адпачываюць на Нарачы. У цэнтры - Ванда Лампрэхт. Фота забяспечанае Пятром Лампрэхтам.

Днямі на сайце мы размясцілі два фотаздымкі з возера Нарач 1930-х гадоў. У польскім горадзе Лодзь іх адшукаў наш калега Руслан Кулевіч. На публікацыю адгукнуўся чытач з Польшчы Пётр Лампрэхт, у архіве якога ёсць яшчэ адно фота адпачынку на возеры ў гэтыя гады.

На фота, зробленым у жніўні 1938 года – прабабуля Пятра Ванда Лампрэхт на беразе Нарачы. Яна – у цэнтры.

На той час Ванда з мужам, падатковым супрацоўнікам, Вітольдам Лампрэхтам, жылі ў Вілейцы на вуліцы Каляёвай, 5. А вандроўка на Нарач, згодна з надпісам на адваротным баку фота, была ў межах тура супрацоўнікаў Вілейскай падатковай інспекцыі.

«Нарач, ах Нарач, ты праліла свае воды шырока», – напісана па-польску рукой Ванды на адваротным баку старога фота.

Таксама дзяўчына пералічвае людзей, якія з ёй на фота – пані Члеўска з дзецьмі, пан Януск, Рэгіна, кавалеры з Вілейскай падатковай інспекцыі.

«Над маёй галавой – не карона, а валасы паднятыя ветрам» – піша Ванда.

Як расказаў Пётр, лёс Ванды і Вітольда Лампрэхтаў склаўся трагічна. Пасля прыходу савецкай улады, Ванду з маленькім сынам саслалі ў Казахстан. А Вітольда пасадзілі ў вілейскую турму. У чэрвені 1941 года ён быў забіты на «дарозе смерці» Вілейка-Барысаў, калі на пачатку вайны эвакуявалі вязняў з Вілейскай турмы.

Больш падрабязна пра род Лампрэхтаў мы пісалі раней. Пачытаць можна тут.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский