Фота teris.com.

Штам B.1.621, які можа не рэагаваць на вакцыны, быў зафіксаваны ў студзені ў Калумбіі. Зараз на яго прыходзіцца менш за 0,1% выпадкаў хваробы, але штам усё роўна хвалюе Сусветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ).

У ноч з 31 жніўня на 1 верасня стала вядома, што СААЗ будзе займацца пільным маніторынгам новага штама віруса кавіду — «мю». Гэты варыянт хваробы ўпершыню быў зафіксаваны ў Калумбіі ў студзені. За мінулы час яго таксама знайшлі ў пацыентаў у іншых паўднёваамерыканскіх краінах, а таксама ў Еўропе.

Колькасць выпадкаў кавіду, выкліканых гэтым штамам, знізілася ва ўсім свеце і складае менш за 0,1%, але ў Паўднёвай Амерыцы сітуацыя больш сур’ёзная. Там новы штам сустракаецца ўсё часцей: у Калумбіі размова ідзе пра 39% усіх выпадкаў кавіду, а ў Эквадоры — пра 13%, піша Le Monde.

СААЗ удакладняе, што штам B.1.621, або «мю», мае мутацыі, якія могуць азначаць павышаную рызыку ухілення ад імуннага адказу, то бок магчымасць таго, што штам не будзе рэагаваць на вакцыны. Эксперты арганізацыі падкрэсліваюць, што патрэбныя новыя даследаванні, каб удакладніць характарыстыкі штама.

Усе вірусы, у тым ліку і вірус кавіду, з цягам часу муціруюць. Большасць мутацый амаль не ўплываюць на вірус, аднак некаторыя з іх могуць зрабіць хваробу больш цяжкай або, напрыклад, паўплываць на тое, як вірус узаемадзейнічае з вакцынамі. Зараз СААЗ лічыць асабліва небяспечнымі пяць штамаў кавіду, у тым ліку такія, як «альфа» і «дэльта». Штам «мю» і некаторыя іншыя варыянты зараз знаходзяцца пад пільнай увагай арганізацыі.

• Текст доступен на языке: Русский