Фота astrakhanfm.ru.

Асобным катэгорыям грамадзян ужо можна часцей выязджаць з Беларусі за мяжу на наземным транспарце. Адпаведную пастанову Савета Міністраў ад 1 верасня № 504 афіцыйна апублікавалі 3 верасня, паведамляе карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

У дакуменце гаворка ідзе пра грамадзян, якія маюць від на жыхарства, пашпарт для пастаяннага пражывання за межамі краіны ці іншы сапраўдны дакумент, які пацвярджае права на пастаяннае або часовае пражыванне ў замежнай дзяржаве. Яны змогуць выязджаць за мяжу наземным транспартам раз на тры месяцы. Акрамя таго, гэта правіла тычыцца беларусаў, якія пацвярджаюць факт працоўнай дзейнасцi або навучання за мяжой, а таксама замежнікаў з дазволам на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі, пры выездзе ў краіну свайго грамадзянства.

Раней гэтым катэгорыям грамадзян дазвалялася выязджаць з Беларусі праз наземныя пункты пропуску толькі раз на паўгода. Цяпер жа правілы для іх змякчаць.