Дом пасля пажару. Фота МНС.

Пятага верасня ў 15.44 ашмянскім выратавальнікам паведамілі пра пажар у жылым доме ў Мураванай Ашмянцы па вуліцы Школьнай.

Пасля прыбыцця да месца выкліку выратавальнікі ўбачылі, што гарыць прыватны  драўляны дом. Загаранне ліквідавалі. Агнём знішчаны дах, мэбля, маёмасць, пашкоджаныя сцены. Людзі не пацярпелі.

Высветлілася, што 51-гадовы гаспадар у момант пажару знаходзіўся ў доме і моцна спаў, накрыўшыся з галавой коўдрай. Мясцовы жыхар 39-гадовы Сяргей Шарай, праходзячы па вуліцы, звярнуў увагу на дым з-пад даху. Ён забег у дом і ў пакоі на падпаленым ложка ўбачыў гаспадара. Узяўшы яго пад рукі, выцягнуў на вуліцу.

Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі выратаваны шпіталізаваны для назірання. Асноўная разгляданая версія прычыны пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.