Злева направа: Стэфанія, Ягор і Бажэна.

У госці да сям’і Кудзіных трапляем якраз падчас сняданку. У вялікім прыгожым доме пахне блінамі. На кухні – мама Таццяна. За сталом – школьнікі Ягор, Стэфанія і маленькая Бажэна. Ёсць яшчэ Вера. Яна ў школе, у першую змену. А яшчэ ёсць тата Лёша. Ён у турме.

Сёлета ў жніўні Маладзечанскі раённы суд прыгаварыў Аляксея Кудзіна да двух з паловай гадоў агульнага рэжыму за супраціў сілавікам на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне 10 жніўня 2020 года.

Пасля снядання, прыбраўшы посуд, дзятва рызыходзіцца па сваіх пакоях. А Таццяна дае ім інструкцыі: хто не чытаў, пачытаць. А хто пачытае, можна пагуляць у тэлефон. Пакуль занятыя дзеці, мы гутарым з Таццянай пра мужа, пра вялікую сям’ю, няпростае і ўзважанае рашэнне ўзяць пад апеку пляменнікаў, пра жнівень-2020, пра тое, як маме справіцца з чатырма дзецьмі, калі таты побач няма.

Прызналіся ў каханні і праз два дні сталі жыць разам

– Лёша – ён такі класны. Вялікі, моцны, добры. Сапраўдны карміцель. Памятаю нашу першую сустрэчу ў кафэ «Мезанін» у Маладзечне.  Ён быў у чырвонай куртцы, якраз прыехаў са спаборніцтваў з Тайланда з нейкага Чэмпіянату. Для мяне на той час усё гэта было вельмі далёка.

Я гляджу на яго і думаю: «Вось гэта мой тыпаж. Мужчына, на якога можна і паглядзець, і абняць яго».

З гэтага часу мы былі знаёмыя прыкладна год. Сустракаліся на дыскатэках, я заўважала, што падабаюся яму.

Таццяна расказвае пра знаёмства з Аляксеем.

У каханні прызналася першай, але была ўпэўненая і ў яго пачуццях. Гэта здарылася другога лютага, а чацвёртага ён ужо перавёз да мяне свае рэчы. У нас не было расстанняў, цукерак і букетаў. Адразу пачалі жыць як сям’я. Прапанову Лёша зрабіў хутка, але вяселле адкладалі, бо рабілі рамонт у кватэры.

Лёша з дачкой Сцешай. Дарэчы, абедзвюх дочак Таццяна нараджала разам з мужам.
Цёплых сямейных здымкаў у доме шмат.

Штамп у пашпарце для нас быў не прынцыповы. А пярсцёнкі не насілі ні да вяселля, ні пасля.

Калі цяжка быць жонкай байца

– Раней я разам з Лёшам глядзела яго баі ў запісах. Ён аналізаваў свае памылкі. Пасля таго, як з’явіліся дзеці, баі не гляджу. Але заўсёды тэлефаную сябрам, якія глядзяць, і пытаюся, ці цэлы Лёша. Заўважаю, што пасля нараджэння дочак і ён стаў больш абачлівым на рынгу. Цяжка быць жонкай спартсмена, калі ў яго бой.

Тата – спакойны, мама – не

– У сям’і Лёша мае аўтарытэт. Без таты ніхто за стол не сядзе. Але ён заўсёды прыслухваецца да маёй думкі, вельмі спакойны, ураўнаважаны. А вось я магу пакрычаць. Жартую, што жыву ў свеце вялікіх людзей. І мне трэба неяк выжываць з маімі 154 сантыметрамі, трэба нечым браць.

Засяроджаная Бажэна.
Сур’ёзная Стэфанія.

Як сям’я стала вялікай

Ужо год у сям’і Кудзіных побач з роднымі дочкамі Стэфаніяй і Бажэнай  жывуць двое прыёмных дзяцей – родныя пляменнікі Таццяны – Ягор і Вера.

– Жонка брата Алёна памерла ў 39 гадоў ад анкалогіі. Калі брат застаўся адзін, мы разумелі, што трэба дапамагаць. Ён з трыма дзецьмі жыў у Вытрапаўшчыне. Там –  участак, гаспадарка. Я прыязджала хаця б па пятніцах, дапамагала з прыборкай, прывозіла прыгатаваную ежу. Ігар вельмі балюча перажываў смерць жонкі, гэта было каханне ўсяго жыцця.

Ягор запрашае Бажэну на сняданак.

У брата былі праблемы са здароўем. Ён весіў больш за 150 кілаграмаў, балела сэрца, быў павышаны ціск. У ліпені мінулага года ён трапіў у бальніцу з інсультам, з ціскам трыста і нядоўга пажыў на апаратах.

Ігар быў начальнікам фінансавай часткі ў Маладзечанскім РАУС. Адпрацаваў там 22 гады.

Рашэнне ўзяць дзяцей брата было няпростым, узважаным і вымушаным. Для нас гэта быў шок. Але разумелі: узяць можам толькі мы, іншыя сваякі далёка.

Ды і дачка Стэфанія ўсё пыталася: «Мамачка, мы ж іх не пакінем?».

Усе дзеці сябруюць між сабой. Стэфанія і Ягор ходзяць разам у школу і са школы. Летась, калі была першая змена, хадзілі ўтраіх, разам з Верай.

Двухпавярховы дом і вялікі стол у гасціннай аказаліся патрэбнымі

– Я заўсёды хацела вялікую сям’ю, але не хацела больш нараджаць дзяцей, бо абедзве мае цяжарнасці праходзілі нялёгка. І вось, вялікая сям’я атрымалася.

У дзіцячых пакоях.

Калі мы замаўлялі ў гасцінную вялікі стол, казала Лёшы: «Навошта нам такі?». А вось і спатрэбіўся.

Тое самае і з домам. Калі мы купілі ўчастак, я планавала вялікі, але аднапавярховы дом з летняй мансардай. Суткамі сядзела і глядзела праекты дамоў. Выбірала менавіта аднапавярховы. Нават з компасам раніцай прыязджала на ўчастак і глядзела, дзе сонца ўстае. А Лёша вырашыў будаваць двухпавярховы. Я вельмі тады раззлавалася на яго. А цяпер ён кажа: «Вось бачыш?».

Дакументы на апеку падрыхтавалі хутка, за два тыдні. Але ўсё ж плануем усынавіць дзяцей – Ягора і Веру. Старэйшаму, Сашу, ужо 18. Ён вучыцца ў наргасе, часам прыязджае да нас. І ўсё ж больш любіць бываць у Вытрапаўшчыне ў родным доме. Там сябры і лазня, якую яго тата навучыў тапіць.

Не гатовая пакласці сябе ў ахвяру мацярынства

– Усіх дзяцей я прывучаю да працы, даю магчымыя даручэнні. Пасадзіў на адзенне пляму – адразу натры мылам, а пасля кладзі ў пральную машыну. Пачысціў зубы – прыбяры за сабой ракавіну. Калі ў пральнай машынцы цёмныя рэчы, значыць, у кошык кладзём светлыя. Я так раблю, каб не знасіцца самой.

Разумею: для сям’і я павінна быць прыгожая, спакойная, ураўнаважаная. І такой жа застацца для Лёшы.

Пакласці сябе ў ахвяру мацярынства? Ніхто за гэта не скажа «дзякуй». Я не лічу вялікімі высілкамі тое, што дзіця прыбярэ за сабой. Гэта павага да маёй працы.

Лёша, канешне, больш мяккі. Я нават часам думаю: «А ці ўмее ён крычаць?». Тата ў нас не такі патрабавальны, як мама. Ён сам памые ракавіну за дзецьмі.

Цяпер у нас так: хто паесь апошні, той прыбірае са стала. А Ягор дапамагае дзяўчынкам адцягнуць крэслы, каб сесці за стол. Ён неяк спытаў: «Чаму?». Я растлумачыла: мужчына павінен браць на сябе больш.

Сёння з дзецьмі мне дапамагае бабуля, мая мама. Часам дзеці Ігара ездзяць да другой сваёй бабулі ў Івянец. У бацькоў я звычайна прашу сабе выхадныя, каб адпачыць, паплакаць, пабыць адной, сустрэцца з сяброўкай.

Лёша – сапраўдны тата

– З дзецьмі Лёша малюе, лепіць з пластыліну, чытае ім казкі. Асабліва шмат часу праводзіў з імі, калі быў на хатнім арышце. Разам з татам дзеці вучылі вершы. Прычым Лёша патрабаваў, каб расказвалі выразна.

На хатнім арышце ён мог пашкадаваць Бажэну і не павесці яе ў садок. Часта раніцай усіх дзяцей сам карміў і адпраўляў у школу, не будзіў для гэтага мяне.

Адна з паліц з сувенірамі.

А калі мы жылі яшчэ ў кватэры ў горадзе, я любіла назіраць, як тата з Бажэнай выходзяць у садок. Ён яе на адных арэлях пагушкае, на другіх. А пасля яна чакае, пакуль Лёша падцягваецца на брусах. Садок быў у двары, а на дарогу туды і назад ледзь не гадзіна сыходзіла.

Ад дзяцей не хаваю, што тата ў турме

Дзеці ведаюць, што тата ў турме. Я іх не падманваю. Проста правільна тлумачу: ён у турме, але не злачынца і не бандыт. Тату проста трэба дачакацца. Усе разам пішам Лёшу лісты. Сама я ніколі не плачу, каб нехта гэта бачыў.

Гляджу на рэчы рэальна: Лёша здаровы, трэніруецца, усміхаецца. Ніхто ж не памёр.

Для мяне гэта самае жахлівае, калі памірае чалавек. Бо на маіх вачах памерла жонка брата. Цяпер мне ўжо нічога не страшна.

Мы былі апалітычнай сям’ёй

– Да пэўнага часу мы былі дастаткова апалітычнымі. Лёша ўжо вельмі даўно не ў нацыянальнай зборнай. Мы не залежалі ад Беларусі фінансава. Тут за апошнія пару год было пару баёў. Лёша выступаў, трэніраваўся, едзіў на зборы ў іншыя краіны, а жылі мы тут.

Пра жнівень 2020

– 9 жніўня мы прагаласавалі, а пасля ўсёй сям’ёй з сябрамі пайшлі гуляць. Пабачылі, што на плошчы збіраюцца людзі. Тады ж заўважылі Мікіту Крыўцова ў натоўпе. 

Лёша ў доме – паўсюль.

Побач з намі на газоне на Цэнтральнай плошчы гулялі нашы дзеці. Ліхтары не гарэлі, і ў нейкі момант я перастала бачыць дзяцей. Дамовіліся з Лёшам, што мы з дзецьмі пойдзем, а ён дагоніць нас. Аднак прыйшоў ён позна, вельмі ўзрушаны. Расказаў, што на плошчы сілавікі збівалі людзей.  Па словах Лёшы, і на яго замахнуліся, але, відаць, пазналі, бо сказалі: «Вы – паважаны чалавек, ідзіце дамоў».

Мужа гэта так абурыла: «У сэнсе дамоў? Я ў сябе дома».

На наступны дзень, 10 жніўня, у маёй мамы быў дзень нараджэння. Мы пасядзелі ў яе, павіншавалі, а пасля Лёша сабраўся ў горад. Інтэрнэта не было, мы не ведалі, што робіцца. Я зусім не хвалявалася, бо была ўпэўненая: муж ніколі не будзе вырашаць пытанні кулакамі.

Калі ўзнікае канфлікт, ён заўсёды кажа: «Хадземце на трэніроўку. Заўтра ў сем». Але ніхто не прыходзіць.

Лёша пайшоў. А праз нейкі час тэлефануе мне і кажа: «Зайка, забяры машыну. Мяне затрымалі». Я адразу не паверыла, падумала, што атрымае ён у мяне за такі жарт. Стала тэлефанаваць людзям, якія маглі быць разам з ім. Урэшце высветліла, што на плошчы была нейкая патасоўка.

Як аказалася, Лёша, збіты сілавікамі, прыйшоў дамоў, сеў у машыну і паехаў у бальніцу, каб медыкі агледзелі яго гематомы на галаве. Ён заўсёды так: нічога мне не кажа пра свае траўмы. Нешта пашкодзіць на трэніроўцы – і адразу ў бальніцу. А я ўжо бачу зашытую рану.

Тата дазваляе дзецям гуляць з узнагародамі. А вось мама лічыць: “Гэта не цацкі”.

Думаў і 10 жніўня так зрабіць. Але не паспеў. На шляху ў бальніцу яго затрымалі. Я цяпер думаю: а што было б, каб ён не паехаў у бальніцу? Яго б прыйшлі затрымліваць дома? Уяўляеце, са светлашумавой гранатай і гумовымі кулямі…

Два разы я бачыла Лёшу на судзе ў Маскве. Бачыла ў клетцы, як і пасля, у Маладзечне. Ён не ведаў, што я прыеду ў Маскву, вельмі ўзрадаваўся тады і здзівіўся. На судах ў Маскве і ў Маладзечне мы проста глядзелі адзін на аднаго. Хаця б так…

Вось такі партрэт Аляксея Кудзіна перадалі яго сям’і незнаёмыя людзі з Польшчы. Карціну намаляваў Іван Змрок са сваім сябрам. Побач з тварам Лёшы гравіроўка “Народжаны біцца”.

… Размова з Таццянай скончылася экскурсіяй па доме. Яна паказала дзіцячыя пакоі, Лёшавы ўзнагароды, сямейныя фотаздымкі, сувеніры, якія муж прывозіць з розных краін.

А потым правяла на другі паверх. Тут ёсць нават спартыўная зала. Праўда, недаробленая пакуль. Чакае гаспадара.

• Текст доступен на языке: Русский