Знаходка. Фота забяспечанае Дзянісам Канецкім.

– У вёску Халапы мяне запрасіў Аляксей Вількота. Ён паказаў мне месца, дзе на рацэ Пелі ў 19 стагоддзі стаяў млын. А яшчэ Аляксей знайшоў там кавалак старой кафлі з пячаткай вытворцы, – расказаў нам краязнаўца Дзяніс Канецкі.

На кафлі захаваўся надпіс:

«Паровой Израсцово- … заводъ И.Я.Авербуха в Минскъ. губ»

Кафляны завод Авербуха месціўся да рэвалюцыі ў сталіцы на вуліцы Нова-Чырвонай. Адкрыўся ён у 1897 годзе. У наступным – аснашчаны паравым катлом і паравой машынай. У 1900 тут працавалі 47 рабочых, выпушчана прадукцыі на 50,3 тысячы рублёў.

Рэшткі старога млына ў Халапах можна разгледзець і сёння. Фота забяспечанае Дзянісам Канецкім.

У 1905 годзе Авербух разам з Айзенштадтам і палякі арганізавалі аб’яднанне манапалістычнага тыпу, якое рэгулявала аб’ём вытворчасці і ўзровень коштаў у Мінску. Гэта дазволіла прадпрымальнікам пратрымацца ў гады дэпрэсіі. З пачаткам эканамічнага ўздыму аб’яднанне распалася.

У 1913 годзе на заводзе працавала 20 чалавек. Вырабленыя тут кафляныя, маёлікавыя і тэракотавыя печы і каміны, кветкавыя вазы, ганчарныя вырабы, упрыгажэнні для печак, дрэнажныя трубы адрозніваліся высокай якасцю.

У 1909 прадукцыя Авербуха атрымала залаты медаль на Сусветнай выставе ў ў Рыме.

Знойдзеная кафля, верагодна, належала гаспадару млына, мяркуе Дзяніс. Млын, згодна са старымі картамі, ужо быў тут у 1863 годзе. А ўсяго, па словах краязнаўцы, на Пелі было чатыры млыны. Рэшткі аднаго з іх да сёння захаваліся ў Куранцы.

На старой карце месцы, дзе на Пелі былі млыны, пазначаныя стрэлкамі. Карта з Вілейскай суполкі ТАП імя Аляксея Лужынскага.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский