Фота Андрэя Жыгура.

Адкрыццё тэатральнага сезона Мінскага абласнога драматычнага тэатра адбудзецца 15 верасня. Сёлетні сезон адкрые прэм’ера гістарычнага дэтэктыва «Сёстры Дастаеўскія».

Пра прэм’еру расказаў вядучы майстар сцэны Алег Чэчанеў.

Пра што спектакль

Спектакль паставілі па п’есе беларускага драматурга Ягора Конева «Злачынства і пакаранне ў Мінскім уездзе». П’еса трапіла ў рукі мастацкаму кіраўніку тэатра Валерыю Анісенку.

Сюжэт грунтуецца на рэальных падзеях, што адбыліся ў пачатку 17 стагоддзя ў Рэчы Паспалітай. Пры загадкавых абставінах у маёнтку Дурыніцы загінуў гаспадар – шляхціц Станіслаў Карловіч. Расследаваць забойства накіравалі земскага суддзю Андрэя Станкевіча, якога можна назваць беларускім шэрлакам холмсам. Яго ведалі як прынцыповага чалавека, які заўсёды дамагаўся справядлівага прыгавора.

– Для мяне п’еса цікавая ў першую чаргу нечаканымі паваротамі, – дзеліцца акцёр Алег Чэчанеў. – Калі мы чыталі па ролях, захапляла сачыць за кожным псіхалагічным адкрыццем. Ці зможа выкруціцца забойца? Ці дасягне правасуддзе справядлівасці?

Падазраюць усіх блізкіх забітага – сына, удаву, яе сястру, эканома. Падчас расследавання суддзя разблытвае складаны клубок узаемаадносінаў паміж людзьмі.

А яшчэ раскрыюць факт пра тое, як мог загінуць род Дастаеўскіх, адным з прадстаўнікоў якога з’яўляецца класік рускай літаратуры.

– Відаць, што аўтар п’есы рупліва вывучаў інфармацыю. Ёсць вельмі цікавыя гістарычныя звесткі, як у той час адбывалася правасуддзе. Функцыю суддзі, следчага і пракурора выконваў адзін чалавек. Спачатку разблытваў злачынства, сам абвінавачваў, а пасля выносіў прыгавор. Шмат нюансаў, звязаных з кулінарыяй таго часу. Калі называюць стравы, то з сучаснага пункту гледжання яны падаюцца дзікасцю. Напрыклад, рыба, фаршыраваная свінінай – як вы сабе такое ўяўляеце?

Прэм’ера спектакля «Сёстры Дастаеўскія» адбудзецца ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне ў сераду, 15 верасня. Пачатак а 19 гадзіне. Спектакль на беларускай мове. У дзвюх дзеях з антрактам.

Хто стварыў пастаноўку

Маладзечанскі драмтэатр упершыню паставіў спектакль у жанры гістарычнага дэтэктыва.

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля – мастацкі кіраўнік тэатра Валеры Анісенка. Глядач ведае яго рэжысуру па пастаноўках «Час сэканд хэнд», «Каралева прыгажосці», «Хайп» і іншых.

Мастаком-пастаноўшчыкам стаў Андрэй Жыгур, кампазітарам Цімур Каліноўскі.

– Касцюмы стылізавалі пад 17 стагоддзе. З матэрыялаў – лён, воўна, штучнае футра. З пункту гледжання мужчыны скажу, што выглядае пачуццёва. У аснове дэкарацый – вялізныя вароты з сапраўднага лета. Драўніна стаяла ў двары тэатра лета, пакуль высахла і стала менш важыць, каб можна было занесці ў тэатр.

Сяргей Карзей у пастаноўцы выконвае ролю земскага суддзі Андрэя Станкевіча, Алег Чэчанеў – памочніка і сакратара суддзі Фелікса Віславуха. Анастасія Макарэвіч і Наталля Скарынка ў ролі ўдавы Марыны Карловіч (у дзявоцтве – Дастаеўскай), Ірына Кляпацкая і Яўгенія Стацэнка ў ролі сястры Марыны Раіны Дастаеўскай. Павел Святоха іграе Казіміра Карловіча, Павел Сцяпанаў – эканома маёнтка Дурыніцы Яна Тура, Дзяніс Фешчанка – суседа Карловічаў Саламона Псарскага.

–  Тэкст спектакля насычаны рэдкімі і ў той жа час трапнымі беларускімі словамі, якія я раней не сустракаў ніколі, – адзначыў Чэчанеў. – І вельмі атмасферная музыка! Так што запрашаем гледачоў.

Як у Маладзечне прайшла тэатральная ноч музеяў

У Маладзечне паставілі калядны спектакль у маі пад рэжысурай Святланы Бень