На месцы злачынства.

52-гадовы маладзечанец паўгода запампоўваў праз файлаабменнік парнаграфічныя фота і відэаматэрыялы і абменьваўся імі ў інтэрнэце з такімі ж аматарамі дзіцячай парнаграфіі. Суд Маладзечанскага раёна прысудзіў мясцовага жыхара да трох гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры сто базавых велічынь.

Яго дзеянні заўважылі аператыўнікі падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Маладзечанскага РАУС і УУС Мінскай вобласці. Са жніўня мінулага года па люты гэтага пры дапамозе адмысловай праграмы мужчына загружаў сабе і адначасова падаваў магчымасць для вольнай запампоўкі і прагляду іншым карыстальнікам сеткі забароненыя да распаўсюджвання матэрыялы. Тым самым для агульнага доступу ён «раздаў» каля чатырохсот электронных файлаў – фота і відэафільмаў парнаграфічнага зместу, у тым ліку з выявай непаўналетніх, паводле экспертызаў, ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў. Калекцыю дзіцячай парнаграфіі фігурант захоўваў у ноўтбуку і персанальным кампутары, якія былі канфіскаваныя ў ходзе агляду дома.

Маладзечанец прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым, да гэтага ў яго праблем з законам не было.

Мужчына прызнаны вінаватым у захоўванні з мэтай распаўсюджвання і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў з выявай заведама непаўналетняга з выкарыстаннем інтэрнэта. Яго дзеянні кваліфікаваныя па частцы 2 артыкула 343-1 КК Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да падсуднага прыменена частка 2 артыкаула 77 КК, у адпаведнасці з якой устаноўлена адтэрміноўка выканання пакарання на тэрмін тры гады.

Міліцыя нагадвае: за захоўванне і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф да 30 базавых велічынь. Дарэчы, перадача файлаў такога зместу праз сацсеткі, нават аднаму чалавеку ў асабістыя паведамленні, размяшчэнне спасылкі на такое відэа таксама лічыцца распаўсюдам, рэкламаваннем і трапляе пад дзеянне закона. У выпадку паўторнага парушэння на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання рушыць услед крымінальная адказнасць. За распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з удзелам непаўналетніх крымінальная адказнасць наступае адразу.

 

Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару рэгулюе арт. 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад двух да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная адказнасць па гэтым артыкуле надыходзіць з 16 гадоў.

• Текст доступен на языке: Русский