Скрын з відэа youtube.com.

У 1765 годзе нарадзіўся кампазітар, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Міхал Клеафас Агінскі. Ён з’явіўся на свет у мястэчку Гузаў Мазавецкага ваяводства, а памёр у Фларэнцыі. Але яго жыццё было звязанае з нашым рэгіёнам. 

Так, паводле адных звестак свой знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай» ён напісаў у Залессі, на Смаргоншчыне, паводле іншых – у Гануце, на Вілейшчыне. А яшчэ Міхал Клеафас у канцы 18 стагоддзя валодаў Ільяй, а ў сярэдзіне гэтага ж стагоддзя бываў у Маладзечне ў свайго дзядзькі Міхала Казіміра.

Прапануем нарыс пісьменніка Уладзіміра Арлова пра Міхала Клеафаса Агінскага.

«Цяжка ўявіць жыхара Беларусі, які б ня ведаў незабыўнай, узьнёслай і напоўненай сьветлай тугою мэлёдыі палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага «Разьвітаньне з Айчынай». Не выпадкова на пачатку 1990-х гучалі прапановы зрабіць яго дзяржаўным гімнам незалежнае Беларусі.

Хтосьці паспрабуе запярэчыць: маўляў, аўтар палянэзу нарадзіўся пад Варшавай, быў палякам. Але ў мэмуарах ён недвухсэнсоўна пісаў: «Паходжу зь ліцьвінскага роду. Незалежна ад намаганьняў рознага кшталту дзяржаўных дзеячаў нас, ліцьвінаў, немагчыма схіліць адмовіцца ад нашых правоў». Шчодра надзелены разнастайнымі талентамі, граф Міхал Клеафас стаў самым знакамітым прадстаўніком свабодалюбнага роду.

У дваццаць гадоў — дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай, у дваццаць пяць — пасол у Галяндыі, а затым у Вялікабрытаніі, у дваццаць восем — падскарбі, або, сучаснай моваю, міністар фінансаў Вялікага Княства Літоўскага. Але, калі выбухнула паўстаньне Касьцюшкі, малады міністар адмовіўся ад пасады і на ўласныя грошы стварыў і ўзброіў батальён зь пяці сотняў стрэльбаў ды шабляў. Родавы герб на сваёй пячатцы ён замяніў на дэвіз «Воля, вернасьць, незалежнасьць».

Паўстанцы Агінскага разграмілі вялікі аддзел царскіх казакоў пад Валожынам, адважна дзейнічалі на Браслаўшчыне і пад Дынабургам (Дзьвінскам). Міхала Клеафаса штораз бачылі ў самай гушчыні бою, некалькі разоў ён адно дзівам застаўся жывы. Напісаны Агінскім «Марш паўстанцаў 1794 году» сьпявалі нашы ваяры на ўсім абшары Княства.

Калі карнікі генэрала Аляксандра Суворава разьбілі паўстанцаў, граф мусіў весьці жыцьцё выгнанца ў розных эўрапейскіх краінах, але ўрэшце вярнуўся ў паняволеную Айчыну. Надзеі на адраджэньне незалежнасьці Вялікага Княства Агінскі спачатку зьвязвае з Напалеонам, у гонар якога стварыў опэру «Банапарт у Каіры». Ён сустракаецца з францускім імпэратарам, піша яму поўны спадзяваньняў ліст і — не атрымлівае адказу. Застаецца нязьдзейсьненым і праект аднаўленьня Княства, пададзены Аляксандру І.

На шчасьце, ні крах палітычных праектаў, ні два нешчасьлівыя шлюбы ня здолелі прымусіць замаўчаць музу Агінскага. Ягоны маёнтак Залесьсе пад Смаргоньню ператвараецца ў адну з культурных сталіц краю і неафіцыйна завецца Паўночнымі Афінамі. Творы Міхала Клеафаса выходзяць у Вене, Парыжы, Лёндане. Асабіста апладыруюць яму Гайдн і Моцарт.

Але над Залесьсем гусьцеюць хмары. Каляніяльныя ўлады пачынаюць арыштоўваць блізкіх знаёмых графа — сяброў таемных таварыстваў. Пакідаючы Айчыну, Агінскі і стварае палянэз, які стаў рэквіемам па дарагой ягонаму сэрцу цывілізацыі.

Апошні зямны прыстанак ён знайшоў у пантэоне флярэнтыйскай базылікі Санта Крочэ побач з Галілеем, Мікелянджэлё, Расіні і Мак’явэлі.»