Фота lidenz.ru.

Большасці з нас з дзяцінства не чужыя казкі нямецкіх творцаў – братоў Грым. А якія яшчэ нямецкія казкі можна пачытаць сваім дзецям?

Вось што раіць dw.com.

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман. «Шчаўкунок і Мышыны кароль»

Аповесць-казка Гофмана «Шчаўкунок і Мышыны кароль» была напісана і апублікавана ў 1816 годзе – якраз напярэдадні Калядаў. І дзеянне яе пачынаецца ў той вечар, калі дзеці атрымліваюць падарункі. Кніга адразу стала вельмі папулярнай у перакладзе на рускую мову. Не выпадкова Чайкоўскі захапіўся гэтым сюжэтам, а яго знакаміты балет, створаны па матывах казкі Гофмана, ставяць па ўсім свеце. У аснове сюжэту ляжыць супрацьпастаўленне двух казачных царстваў – Лялечнага і Мышынага.

Генрых Гофман. «Сцёпка-растропка»

Іншы Гофман – Генрых – быў доктарам-псіхіятрам. Ён напісаў для свайго маленькага сына «Сцёпку-растропку» – дзесяць павучальных вершаваных гісторый пра тое, як дзіця павінна сябе паводзіць: слухацца дарослых, быць акуратным. Збрнік з’явіўся ў 1845 годзе і стаў адной з першых у гісторыі дзіцячых кніжак з карцінкамі.

Вершы часам даволі жахлівыя. Напрыклад, пра тое, як дзяўчынка забаўляецца з запалкамі, а пасля ад яе застаецца жменька попелу. Маленькі хлопчык не хоча есці суп, а праз пяць дзён памірае ад гэтага.

Вільгельм Буш. «Макс і Морыц»

Чорны гумар нямецкай дзіцячай класікі не заўсёды зразумелы і прыемны бацькам, але нямецкія дзеці яго любяць. Не выпадкова так папулярныя коміксы Вільгельма Буша пра малалетніх хуліганаў Макса і Морыца. У страшылках Буша злодзеяў пратыкаюць парасонамі, гарэзам адразаюць галовы, а кошкам і сабакам падпальваюць хвасты …

Гісторыя ў вершах расказвае пра выхадки двух непаслухмяных хлопчыкаў, якія дзейнічаюць па задуме аўтара супраць паважаных у грамадстве таго часу асоб: краўца, настаўніка, пекара і фермера.

Отфрыд Пройслер. «Маленьки прывід»

Мілая казка «Маленькі прывід» – адна з добрага дзясятка кніг нямецкага пісьменніка Отфрыда Пройслера, перакладзеных на мноства моў свету. Яе чароўны герой жыве на гарышчы старадаўняга замка, які стаў музеем, і марыць убачыць свет не ноччу, а днём.

Казка апублікаваная ўпершыню ў 1966 годзе. Яна заканчвае трылогію пісьменніка пра маленькіх казачных істот. Бо ў аўтара яшчэ ёсць кнігі пра маленькую Бабку Ёжку і маленькага Вадзяніка.

Паўль Маар. «Субастык»

Аповесці Паўля Маара – празаіка, драматурга і ілюстратара – аб прыгодах вясёлага рудага хлапчука з пятачком замест носа сталі вядомыя  чытачу не так даўно. Пісаць іх Маар пачаў у 1970-я гады. Гісторыі пра Субастыка не толькі займальныя, але і выдатна падыходзяць для развіваючых заняткаў у дзіцячым садку і малодшых класах школы.

У цыкле – шэсць кніг. Іх герой выдуманы хлопчык – пазітыўны, знаходлівы, вынаходлівы. Ён мяняе да лепшага сваё жыццё і жыццё іншых.