Вязынь. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Інфармацыя з’явілася на сайце Генпракуратуры сёння. 

Па дадзеных Генпракуратуры, у ходзе вывучэння архіўных дакументаў устаноўлена, што ў Вязыні ў гады Другой сусветнай вайны карнікі расстралялі мясцовых жыхароў.

Дапытаная К. патлумачыла, што ад бабулі і мамы ёй стала вядома аб тым, як забівалі людзей паблізу яе дома, а затым хавалі іх на зямельным участку, што цяпер у яе ў спадчыне. З удзелам сведкі з ужываннем відэаздымкі агледжана месца здарэння. Цяпер вырашаецца пытанне ракопак.

Мы звярнуліся па каментар у Вілейскі краязнаўчы музей.

– Верагодна, гаворка вядзецца пра пахаванне мясцовых яўрэяў. У вядомых мне крыніцах гэтае пахаванне сапраўды нідзе не ўлічана. Да вайны Вязынь была яўрэйскім мястэчкам. Былі звесткі, што быццам бы вязынскіх яўрэяў накіроўвалі на расстрэл у Ілью. Аднак гэтаму наўрад ці можна верыць, – расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава. – Гады тры-чатыры таму мы займаліся гэтай тэмай, гутарылі са старажыламі. Цяпер у музеі захоўваюцца сведчанні жанчыны, якая ўспамінала, як у дзяцінстве яна сябравала з мясцовымі яўрэямі, а пасля іх расстралялі. Сведка паказала месца. Яно знаходзіцца на тэрыторыі прыватнага дома.