З выкладчыцай і мастачкай Лізаветай Чырвонцавай сустракаемся на выставе  «Маладыя парасткі», што праходзіць цяпер у музкаледжы імя Агінскага ў Маладзечне. З прац навучэнцаў аддзялення ДПМ на нас пазіраюць Усяслаў Чарадзей і беларуская траўніца, паўстае разбураны ў савецкі час касцёл у Аборку, цешыць вока беларускі арнамент.

Мая суразмоўца апантана расказвае пра ўсе працы, звяртае ўвагу на тое, што кожная з іх звязаная з гісторыяй і культурай Беларусі.

Распавядае, якімі творчымі і адукаванымі выходзяць з каледжа іх выпускнікі: з добрым мастацкім густам і высокім узроўнем гуманітарных ведаў, з дастатковай базай па педагогіцы і псіхалогіі.

Слухаючы, з якім захапленнем выкладчыца пра ўсё гэта распавядае, адразу і не скажаш, што ў юнацтве Лізавета не вельмі каб і хацела ісці працаваць у педагогіку.  Аднак, так склалася. І сёння выкладчыца і мастачка пра гэта не шкадуе.

Дочкі Ліза (на каленях) і Каця з татам Львом Чырвонцавым.

–  Малявала з дзяцінства. Проста не ўяўляла сябе без гэтага занятку. Цікава, што такой мяне запомнілі і іншыя людзі. Неяк ужо дарослай прыехала з бацькам у Вілейку даглядаць магілу бабулі. Там мы сустрэлі бабуліных суседзяў. Яны пытаюцца ў бацькі:

«А дзе тая ваша дачушка, што маленькая ўвесь час малявала?». «Дык вось яна,»- смяецца бацька.

Памятаю, як бабуля працавала ў тыпаграфіі. Адтуль неяк прынесла цэлы стос старых жоўтых лістоў і дала мне. А я расчарчу на клеткі аркуш – і малюю цэлыя гісторыі – нешта накшталт сучаснага анімэ, – прыгадвае Лізавета.

Не хацела ў педагогі, бо бачыла мамін прыклад

Так, мая суразмоўца бачыла сябе выключна мастачкай і ў педагогіку ісці не хацела. Чаму? Перад вачыма быў прыклад мамы Вікторыі Чырвонцавай – педагога, мастачкі, арганізатаркі аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва тады яшчэ музычнага вучылішча імя Агінскага. Вікторыя Мікітаўна ўвесь час прападала спачатку ў мастацкай школе, а потым у музвучылішчы. Дачка бачыла, што гэта не проста маральна і таму не хацела. Але ж лёс склаўся інакш:

–  Калі мяне размяркоўвалі пасля факультэта народных рамёстваў універсітэта культуры, сказалі: «Вы ж маладзечанская, то і ідзіце ў Маладзечна».

Праца Лізаветы Чырвонцавай “Таемны сад”.

А тут у 1995 годзе якраз адчынілі аддзяленне ДПМ пры музвучылішчы. А ў 1997 сюды трапіла маладая выкладчыца. Ад гэтага часу і працуе. І не шкадуе:

– Так атрымалася, што я працую і як мастак, і выкладаю. З цягам часу зразумела, што гэта вельмі добра: ты заўсёды ў стасунках з маладымі людзьмі, бачыш, як яны растуць, развіваюцца ў мастацтве.

З імі я і сама маладая, заўсёды падштурхоўваю сябе да нечага новага.

Дзеці да нас прыходзяць тыя, якія бачаць сябе ў мастацтве, разумеюць, што будуць спецыялістамі. Гэта ж не ў простай школе на выяўленчым мастацтве, дзе вучні часам могуць не любіць урокі. Мае навучэнцы – гэта блізкія па духу мне людзі. З імі цікава.

Як мяняюцца навучэнцы

Педагагічны досвед быў у Лізаветы яшчэ да таго, як прыйшла выкладчыцай у вучылішча. Студэнткай яна падпрацоўвала – вяла гурткі. У няпростыя 1990-ыя бацькі не заўсёды маглі дапамагчы.

– Калі прыйшла выкладаць у вучылішча, працавала з дзяўчынкамі, якія мяне ведалі яшчэ з тых часоў, калі прыходзіла на працу да сваёй мамы. Яшчэ тады мы з імі размаўлялі, раіліся, нешта я ім паказвала. Праўда, папрацавала нядоўга, бо сышла ў дэкрэт.

Працуючы ў каледжы ўжо нямала, выкладчыца заўважае, што раней навучэнцы былі больш адказныя, больш унутрана дарослыя. Нездарма цяпер кажуць пра інфантылізацыю моладзі, адзначае Лізавета.

А яшчэ выкладчыцу здзіўляе, што ў многіх дзяцей няма добрых успамінаў пасля школы:

 – І чаму? Падаецца, гэта ж не той час, калі нас прымушалі ў савецкай школе па некалькі гадзін маршыраваць з горнам і барабанам.

Калі ж маладыя людзі пачынаюць вучыцца ў каледжы, многія мяняюцца, раскрываюцца. Ім тут прасцей: калектыў меншы, адносіны больш блізкія, цёплыя. Яны трапляюць у сваю нішу, у зону камфорту.

Уплыў гаджэтаў на навучэнцаў? Ён, безумоўна, ёсць. Аднак і гаджэты можна выкарыстоўваць з карысцю, перакананая выкладчыца:

–  На адзін прадмет у дзень у нас можа быць чатыры і больш урокаў па 45 хвілін. Так, малюнак можа быць чатыры ці пяць гадзін, кампазіцыя – тры гадзіны. Гэта творчы працэс. Таму музыка з навушнікаў часам нават дапамагае. Такая своеасаблівая арт-тэрапія. Але, канешне, не ў тых выпадках, калі дзеці нешта пішуць, адказваюць, вывучаюць тэорыю. А яшчэ мабільнікі можна выкарыстоўваць на занятках пластанатоміі. Дзеці знайшлі праграму, у якой косткі можна разглядаць у 3D-фармаце, з усіх бакоў.

Лізавета Чырвонцава побач са сваёй працай на выставе “Сімвалы Жыцця” ў Нацыянальнай бібліятэцы.

На занятках выкладчыца стараецца да ўсіх вучняў ставіцца аднолькава. Прызнаецца, што любімчыкаў не мае. З некаторымі з былых навучэнцаў застаюцца добрыя адносіны пасля вучобы:

– Але часта гэта тыя, з кім у каледжы былі непаразуменні. Часам адносіны ўзнаўляюцца праз сацсеткі, часам – дзякуючы выпадковым сустрэчам. Былы навучэнец таксама становіцца настаўнікам і шмат разумее з таго, што раней не разумеў. А здараецца, наадварот: у каледжы – добрыя адносіны, ніякіх канфліктаў, а пасля заканчэння вучобы могуць і не павітацца.

Навошта мастацтву сувязь з народнай культурай

На аддзяленні ДПМ заўсёды былі і ёсць моцныя народныя традыцыі, адзначае Лізавета. Калі мастак адарваны ад каранёў, ад мовы, гісторыі і культуры свайго народа – гэта не мастак, перакананыя тут.

Нездарма ж, усе вядомая мастакі сталага пакалення размаўлялі па-беларуску.

Падчас рэалізацыі міжнародных праектаў выкладчыца заўважае, што важнасць сувязі мастацтва і народных традыцый разумеюць мастакі за мяжой:

– Неяк да нас прыязджалі немцы і палякі. Яны расказвалі, што ў свой час у іх адбыўся такі момант, калі гэтыя сувязі былі страчаныя. І гэта вельмі моцна паўплывала на сучаснае мастацтва. Яно стала купіраваным, вонкавым, згубілася глыбіня.

Калі замежныя мастакі хадзілі па нашай выставе маляваных дываноў і выцінанак, захапляліся, як усё глыбока, як прыгожа і як зразумела.

Яны тады выказалі думку: калі ёсць сувязь з глыбіннанацыянальным, то гэта адразу бачна ў мастацтве.

Пра патрыятызм. Адчуць сябе беларусам

– Патрыятычнае выхаванне на маіх занятках – гэта гісторыя, мова і культура. Гэта тры кіты, на якіх трэба выхоўваць патрыятызм. Якім патрыётам можа быць чалавек, што не разумее каштоўнасці сваёй мовы ці культуры? Калі ты беларус, ты павінен усім гэтым цікавіцца.

Падчас аднаго з міжнародных праектаў маладыя людзі з Польшчы і Германіі прасілі ў нашых дзяцей: а раскажыце нам верш па-беларуску, а праспявайце. Сярод навучэнцаў былі дзяўчаты з Жодзішак, якія займаліся спевамі. Калі яны пачалі спяваць беларускія песні, тыя, хто з імі вучыўся, па-іншаму паглядзелі на тых дзяўчат. Вось у такія моманты адчуваеш сябе беларусам. Але падобных дзяцей, на жаль, няшмат.

– А ці выхоўвалі бацькі гэты патрыятызм у вас? – пытаюся ў суразмоўцы.

–  Гэта ўсё было вельмі натуральна. Матуля з самага дзяцінства шмат чытала нам Караткевіча, бацька заўсёды цікавіўся гісторыяй. А яшчэ бацькі былі ў добрых стасунках з Генадзем Каханоўскім. Разам з ім ездзілі ў Вільні, дзе Генадзь Александравіч праводзіў ім экскурсію.

Калі Лізавета вучылася ў школе, можна было адмовіцца ад вывучэння беларускай мовы. Яе маме неяк на бацькоўскім сходзе прапанавалі гэта зрабіць. Мама з таго сходу прыйшла вельмі абураная. Не разумела: як такое магчыма.

Па ўспамінах суразмоўцы, яе бацькі ні на чым не настойвалі, проста выхоўвалі сваім прыкладам.

Дзеці бачылі ў іх гонар за гісторыю Беларусі, пяшчотнае стаўленне да мовы і культуры. Таму не маглі вырасці іншымі.

А сёння Лізавета з мужам гэтак жа выхоўвае сваіх дачок:

–  З маленства ставіла дочкам беларускія аўдыёказкі, песенькі, купляла беларускія кніжкі.  

З дочкамі Сафіяй і Стэфаніяй.

У мінулым годзе малодшая дачка Стэфанія заканчвала мастацкую школу. Раіліся, на якой мове абараняць дыпломную працу. Вырашылі: раз беларуская тэматыка, абараняць па-беларуску. І яна была адзіная беларускамоўная на абароне. Калі пайшлі пытанні, думала, дачка пачне гаварыць на трасянцы. Але яна адказвала на добрай беларускай мове. Гэта нягледзячы на рускамоўную школу і асяродак. Бачу: любоў да мовы і гісторыі ў яе ўжо ёсць і гэтага не адняць, – падсумавала Лізавета.

Старэйшая дачка працягнула справу мамы і бабулі

А старэйшая дачка маёй суразмоўцы, Сафія, ужо сама працуе настаўніцай у мастацкай школе ў Маладзечне пасля заканчэння ўніверсітэта культуры.

– Вось яна – сапраўдны педагог, – заўважае мама. – Нават калі была маленькая, магла прымусіць хлопцаў, каб яе слухаліся. Размяркоўвала ім заданні, а яны выконвалі. Хоць сама казала, што не пойдзе ў педагогіку.

А я разумела: гэта – яе. Бабуліны гены. Яна і сур’ёзны выгляд мае, і ўмее трымаць увагу, і, увогуле, працаваць з дзецьмі.

Муж маёй суразмоўцы – таксама мастак, займаецца вонкавым дызайнам. Скончыў мастацкую акадэмію, але ні дня не працаваў у дзяржаўнай сферы. Вось такая мастацкая сям’я.

– І ўсё ж, напярэдадні настаўніцкага свята адкажыце на пытанне: вы больш мастачка ці педагог?

– Асабіста мне здаецца, што больш мастачка. Але хто ж ведае, як іншыя мяне ўспрымаюць. Мне цікава і прыемна ў абодвух сферах. Увогуле, лічу, што ёсць адзінкі людзей, якія могуць спалучаць у сабе аднолькава і педагога, і мастака. За сваё жыццё я ведала толькі аднаго – гэта Юрась Герасіменка-Жызнеўскі – чалавек, які мог і патлумачыць, і падыход да вучня знайсці. І ў той жа час быў вельмі таленавітым графікам.

А ўвогуле, пра тое, які я  педагог і мастак, павінны гаварыць іншыя.

Дызайн убору на міжнародны конкурс прыгажосці ўзялі з твора мастачкі з Маладзечна. А яе не спыталі

На Дні Незалежнасці Украіны выступленне Ратару ўпрыгожылі выцінанкамі маладзечанскай мастачкі

Аўтарцы выцінанак з Маладзечна Украіна прынесла прабачэнне за выкарыстанне яе твораў без дазволу

Фотаздымкі забяспечаныя гераіняй публікацыі.