Фота sputnik-abkhazia.ru.

Наш пазаштатны аўтар Кастусь Шыталь прагледзеў старыя выданні і даведаўся, што пісалі пра рэгіён «Беларускія Ведамасьці» і «Беларускі Звон» сто гадоў таму. Выдаваліся гэтыя газеты ў Вільні на пачатку 1920-х. Першую рэдагаваў Максім Гарэцкі, другую – Францішак Аляхновіч.

Пра арышт ксяндза Пятроўскага ў Барунах

«Пасля арышту нашага пробашча ксяндза Пятроўскага шмат цікавага ў нас гавораць. Першы, што быццам адзін з ураднікаў староства сказаў нашым дэлегатам, што пробашч вернецца, але сялянам трэба яму падзякаваць і папрасіць, каб ён да нас выехаў. Гавораць у нас, што ў арышце пробашча вінен крамнік кааператыву, але мне здаецца, што гэта байкі. Гэта добры грамадзянін, сумленны працаўнік і на такую рэч, як даносы, ён бы не пайшоў. Кааператыў наш працуе добра: можна купіць, бадай, усяго патрэбнага ў гаспадарцы, але часам і не хапае тавару для ўсіх. Гэта і зразумела: што не можна купіць за 100 мк, каторыя кожны заплаціў у кааператыў. Не ведаю, як у нас будзе цяпер са школамі. Беларускую семінарыю зачынілі, а ці адчыняць польскія школы, не ведаем. Мусіць, на гэты год дзеці будуць без навукі».

– У гэтым тэксце маецца на ўвазе беларуская настаўніцкая семінарыя, якая існавала ў Барунах у 1920-21 годзе. Ксёндз Пятроўскі, барунскі пробашч – беларускі дзяяч, арыштаваны ў 1921 годзе за палітыку. Абшарнік, які даў будынак пад народны дом у Багданаве – гэта ж відавочна Фэрдынанд Рушчыц, – тлумачыць Кастусь Шыталь.

Пра гуртк моладзі ў Багданаве

«Каля двух тыдняў таму ў нашай вёсцы зарганізаваўся гурток моладзі. Ва ўрад гуртка ўвайшлі энергічныя і працавітыя людзі, каторыя і да гэтага бралі ўдзел у грамадскай працы. Малады гурток ужо мае маленькую бібліятэку, значную частку каторай даў у часовы ўжытак урад кааператыву. Гурток мае прыняцца за адбудову зруйнаванага дома, каторы мясцовы пан ахвяраваў на дом людовы. Зычым гуртку развіцця і спадзяёмся, што ён патрапіць споўніць свае заданні».

Пра тое, як у валожынцаў адабралі царкоўны будынак

«У нашым мястэчку да праваслаўнай царквы заўсёды належаў вялікі школьны будынак і лапіна зямлі. Да вайны ў школьным будынку месцілася царкоўнапрыходская школа. А ў 1920-21 годзе ў ім была пачатковая беларуская школа. На грамадскі беларускі кошт быў зроблены і некаторы рамонт будынка. Сёлета школьны інспектар Валожынскага павету самадумам захапіў гэты царкоўны будынак пад польскую школу ў Валожыне, у якой прызначыў настаўніцамі блізкіх сваячак.

У нас праваслаўная царква і будынак пры ёй заўсёды належалі да праваслаўных, а цяпер адбіраюць. Увесь прыход гэткім учынкам абураны і ўстрывожаны. Няўжо ж у нас школьны інспектар і царкву гэтак адбярэ? Адзін толькі бацюшка ў нас аб гэтым не рупіцца. Ён нават нягледзячы на ўсе просьбы прыхаджан не склікаў у гэтай справе прыходскую раду. Абмаскаленаму нашаму бацюшку, які так ненавідзець усё наша беларускае, малой бяды, што гіне царкоўнае дабро, абы яму было добра. Відаць, праваслаўным беларусам, не азіраючыся на сваіх бацюшкаў, трэба самім бараніць сваю беларускую і праваслаўную справу».

Як у Арлянятах беларускую настаўніцу хацелі памяняць на польскую

«У вёсцы Арляняты Крэўскай воласці, дзе жывуць адны каталікі і ўсе свядомыя беларусы, сёлета скрозь увесь год была свая беларуская пачатковая школа. Вучыла ў школе вельмі добра падрыхтаваная настаўніца Марыя Станкевічанка. Дзяцей вучылася 75. Людцы нашыя не маглі нацешыцца са сваёй школы. Аж тут нядаўна ні з таго ні з сяго прысылае ў гэтую вёску школьны інспектар польскую настаўніцу. Але гаспадары на польскую школу не згадзіліся і вучыцелькі не прынялі. Арляняты дамагаюцца беларускай школы».

Як звальнялі настаўніц у Мароськах і Запаляках

«Школьны інспектар Вілейскага павету звольніў беларускіх настаўніц З. Івашкевіч са школы ў вёсцы Мароські Лебедзеўскай воласці і В. Маяку са школы ў вёсцы Запалякі Лебедзеўскай воласці. Абедзьве вучыцелькі звольненыя як некваліфікаваныя. Вучыцелькі гэтыя скончылі сем класаў гімназіі. З польскіх школ вучыцялёў з гэткай і меншай адукацыяй не толькі не звальняюць, але і прызначаюць. Ці ж гэта справядлівыя адносіны да беларускае школы?»

І яшчэ пра настаўніцкія звальненні

«Родная страха» змясціла спіс 24 настаўнікаў беларускіх школ Валожынскага павету, заяўляючы, што з першага ліпеня сёлетняга года школьныя інспектары Валожынскага, Вілейскага і іншага паветаў звольнілі некалькі сот беларускіх настаўнікаў, спіс каторых не можа быць газетаю змешчаны з-за недахопу месца. У спісе значацца 24 звольненыя настаўнікі: Сымон Кароль, Тамаш Белановіч, Сцяпан Шчуцкі, Якім Будневіч, Канстанцін Маеўскі, Ігнат Лоўчы, Янка Лоўчы, Валянціна Іода, Ігнат Рубацкі, Вера Кавалеўская, Павел Цяжолы, Марыя Маеўская, Янка Федаровіч, Алена Карнаух, Волька Станкевічанка, Зоя Янчуковічанка, Канстанцін Філіповіч, Волька Шпакова, Спірыдон Шпак, Мікалай Янчуковіч, Хведар Андрушкевіч, Янка Казакевіч, Пётра Рэўт».

Па словах Кастуся Шыталя, Канстанцін Маеўскі з гэтага спіса пазней стаў праваслаўным святаром, служыў у Гарадзілаве. Магчыма, там жа пахаваны. Святар ужываў у пропаведзях беларускую мову.